Да спробаў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу далучыліся армяне

За мінулыя содні 28 замежнікаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу праз мяжу з Беларуссю. Сярод іх былі грамадзяне Арменіі, а таксама Таджыкістана, Пакістана і Кеніі, перадае агенцтва PAP.

Польскія памежнікі. Фота: Памежная служба Польшчы / Twitter

Як паведамілі ў Памежнай службе Польшчы, за содні 8 красавіка з Беларусі не пусцілі 28 замежнікаў, якія намагаліся перасекчы мяжу ў абыход пунктаў пропуску. Сярод мігрантаў былі грамадзяне Арменіі, Таджыкістана, Пакістана і Кеніі. Кеніец, да прыкладу, спрабаваў трапіць у Польшчу праз раку Свіслач.

Акрамя таго, напярэдадні памежнікі затрымалі грамадзяніна Грузіі, які перавозіў двух афганцаў, а таксама двух таджыкаў, якія перапраўлялі мігрантаў праз граніцу.

Тым часам Памежная служба Польшчы ў сваім Twitter паведамляе, што ў суботу ўвечары «група з 20 агрэсіўных замежнікаў кідала камяні ў патрульных» з тэрыторыі Беларусі. Пацярпелых няма.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы адкрытыя толькі два аўтамабільныя пераходы (адзін пасажырскі і адзін грузавы) і некалькі чыгуначных пераездаў для грузавых цягнікоў.

Пункты пропуску паміж дзвюма рэспублікамі пачалі закрывацца ў пандэмію ковіду, а потым – з пачаткам міграцыйнага крызісу. Пераход «Баброўнікі – Бераставіца» перастаў працаваць пасля прысуду журналісту, актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту.

Польшча пагражае закрыць «акно ў свет» для Беларусі праз палітыку Лукашэнкі

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны