Беларусь і Расея правядуць вучэнні ў выкарыстанні ядравай зброі – Пуцін

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка распавялі, што беларускія і расейскія вайскоўцы пачалі  рыхтавацца да вучэнняў у адпрацоўванні выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі. Пра планы яны паведамілі 9 траўня пасля цырымоніі ўскладання кветак да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе каля Крамля.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка 9 траўня пасля цырымоніі ўскладання кветак да Магілы Невядомага Салдата каля Крамля. Фота: kremlin.ru

«Паколькі на тэрыторыі Беларусі размешчаная нестратэгічная ядравая зброя, то мы гэтым разам прапанавалі нашым сябрам, хаўруснікам, дый прэзідэнт Беларусі пра гэта прасіў, узяць удзел у адным з этапаў гэтага вучэння. Мы іх праводзім рэгулярна, гэтым разам яны праводзяцца ў тры этапы, на другім этапе беларускія калегі далучацца да нашых супольных дзеянняў. Адпаведныя ўказанні міністэрствам абароны і генеральным штабам нашых арміяў дадзеныя. Яны пачалі супольнае рыхтаванне», – сказаў Уладзімір Пуцін журналістам.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што «першы этап правялі, можна сказаць, паасобку».

«Але намі было прынятая ўчора пастанова, каб мы сінхранізаваліся і праводзілі другі і трэці этап разам… У нас гэта трэцяе трэнаванне», – адзначыў Лукашэнка.

Раней Мінабароны Расеі паведамляла, што расейскія войскі рыхтуюцца правесці вучэнні з ракетнымі злучэннямі і авіяцыяй, дзе будзе адпрацоўвацца выкарыстанне нестратэгічнай ядравай зброі.

7 траўня ў Беларусі пачалося раптоўнае правяранне носьбітаў нестратэгічнай ядравай зброі. Гэта адбылося на распараджэнне Лукашэнкі.

«Безразважна і безадказна». ЗША – пра расейскія вучэнні для выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны