«BYPOL»: на беларуска-польскай мяжы спецслужбы плануюць масавы прарыў мігрантаў

Арганізацыя былых сілавікоў «BYPOL», спасылаючыся на свае крыніцы інфармацыі, заявіла, што спецсужбы рэжыму Лукашэнкі бліжэйшым часам плануюць на беларуска-польскай мяжы масавы прарыў мігрантаў. У атацы будзе браць удзел 700–800 чалавек.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Тэрыторыя ля вёскі Гжыбаўшчызна ў Падляскім ваяводстве, Польшча. 20 жніўня 2021 года. Фота: Белсат

Як сцвярджае «BYPOL», зараз мігрантаў збіраюць на заставах у польскім напрамку. Для гэтага задзейнічаныя супрацоўнікі АМАП, якія ноччу дастаўляюць на мяжу мігрантаў на грамадзянскіх аўтамабілях.

Людзей, якія прыбываюць на мяжу, дзеляць на групы па 25–30 чалавек. Сярод іх ёсць жанчыны, у якіх маюцца сваякі ў Варшаве, Берліне, Брусэлі.

«Супрацоўнікам АМАП строга забаронена іх «патрашыць», таму што частку грошай за праход «Менск» ужо атрымаў. Пры сабе некаторыя маюць да 20 000 еўраў, добра экіпіраваныя, маюць GPS-навігатары і дарагое экіпіраванне, набытае ў Менску. У кожнай групы нелегалаў ёсць старэйшы, ён і кантактуе са старэйшым змены ДПК і АМАП», – гаворыцца ў паведамленні «BYPOL».

Вядомыя выпадкі, кажуць чальцы «BYPOL», калі АМАП пераапранаўся ў цывільнае і разам з уцекачамі браў удзел у сутычках з памежнікамі іншых дзяржаваў.

«Папярэдне амапаўцы праходзяць 2–3-тыднёвыя зборы на палігоне в/ч 89417 (Мар’іна Горка, 5-я АБрСПП [Асобая брыгада спецыяльнага прызначэння. – Заўв. Белсат]) пад кіраўніцтвам наймітаў ПВК «Вагнэр». Пасля праходжання курсаў тактычнай падрыхтоўкі амапаўцы накіроўваюцца ў Смаргонскі р-н (участак беларуска-літоўскай мяжы), дзе сумесна з АСАМ Дзяржаўнага памежнага камітэта займаюцца патруляваннем памежных участкаў», – адзначаюць былыя сілавікі.

Пры гэтым «байполаўцы» папярэджваюць, што ёсць верагоднасць, што пасля апублікавання інфармацыі напрамак прарыву можа быць зменены.

Нагадаем, што з 2 па 6 траўня польскія памежнікі перадухілілі 943 спробы пранікнення на сваю тэрыторыю з тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым мігранты паводзяць сябе агрэсіўна, кідаючы ў памежнікаў камяні, голле. Адзін з удзельнікаў «штурмаў» страляў у патруль з рагаткі, пашкодзіўшы пры гэтым аўтамабіль.

Сёлета на адцінку, за які адказвае Падляскае аддзяленне ведамства (ад Горадні да Белавежскай пушчы), было ўжо 8,2 тысячы спробаў парушэння мяжы, з іх у красавіку – 5 300.

Два дні запар літоўцы не фіксуюць парушэнняў мяжы з боку Беларусі

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны