Польская пракуратура дамаглася дазволу на пераслед суддзі, які ўцёк у Беларусь

Польскі суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры на пераслед суддзі Томаша Шмыта, які збег у Беларусь. Яму пагражае крымінальная адказнасць. Хадайніцтва пададзена 8 мая 2024 года.

Польскі суддзя Томаш Шмыт, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. 6 траўня 2024 года. Менск, Беларусь. Фота: БелТА

Рашэнне суда азначае, што Томаш Шмыт будзе пазбаўлены судзейскага імунітэту, а таксама абвешчаны ў Нацыянальны і міжнародны вышук.

У абгрунтаванні свайго хадайніцтва пракуратура паведаміла, што праведзена расследаванне і атрыманыя доказы «па справе аб удзеле польскага грамадзяніна Томаша Шмыта ў дзейнасці замежнай спецслужбы супраць Рэспублікі Польшча, шляхам прадастаўлення гэтай спецслужбе інфармацыі, перадача якой магла нанесці шкоду Рэспубліцы Польшча».

Сабраныя доказы адназначна паказваюць на тое, што Томаш Шмыт удзельнічаў у інфармацыйнай вайне, якую вядуць Беларусь і Расея супраць Польшчы, адзначаецца ў паведамленні. Сярод доказаў удзел Шмыта ў прапагандысцкіх праграмах беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ, распаўсюджванне праз свае акаўнты ў сацыяльных сетках заяў, якія паказваюць Польшчу як залежны суб’ект у міжнародных адносінах. Гэтыя паведамленні накіраваныя на правакаванне канфлікту з Расеяй і Беларуссю і шкодзяць Польшчы.

Хто такі суддзя Шмыт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, і чым ён можа нашкодзіць Польшчы

«Заявы Томаша Шмыта, падмацаваныя спасылкай на ягоны статус польскага суддзі, былі выкарыстаныя беларускімі і расейскімі ўладамі ў прапагандысцкіх мэтах для распаўсюджвання наратыву, які абвінавачвае Польшчу ў правядзенні палітыкі, накіраванай на дэстабілізацыю Беларусі і Украіны, – гаворыцца ў паведамленні. – Паколькі Томаш Шмыт цяпер не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, было мэтазгодна звярнуцца ў Дысцыплінарны суд пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе таксама па дазвол на ягонае затрыманне і часовы арышт».

Раней Томаш Шмыт пераехаў у Беларусь і даў прэс-канферэнцыю ў Менску. Ён распавёў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў, бо зазнаў у Польшчы «пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю». У 2019 годзе Шміт трапіў у скандал, які польскія СМІ назвалі «справай нянавісці ў Інтэрнэце». Гэта была кампанія Хейт супраць сваіх калегаў-суддзяў, якія крытычна ставіліся да тагачаснай польскай улады (PIS).

Якую пагрозу мог прынесці польскі суддзя?

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны