Праверкі ўкраінцаў і прысуд лекару Бадамшыну. Рэпрэсіі 9 траўня

Па вяртанні ў Беларусь з краінаў ЕЗ сілавікі працягваюць дапытваць і затрымліваць людзей, паведамляюць праваабаронцы. «Белсат» фіксуе гэтыя і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

Мяжа Рэспублікі Беларусь. Фота: gpk.gov.by

«Вясне» вядома пра некалькі такіх выпадкаў, якія адбыліся напрыканцы красавіка.

«8 красавіка ў Воранава асудзілі беларуса за падпіску на канал «Nexta_tv». Яму прызначылі штраф памерам 1 200 рублёў (30 базавых велічыняў). Таксама вядома пра суды ў Берасце. Адной з затрыманых суд прызначыў штраф за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў ІЧУ тры дні.

Апроч гэтага, вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расею, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Менску», – піша «Вясна».

У 2023 годзе не менш як 207 асобаў затрыманыя па вяртанні ў Беларусь.

У Шуміліна затрымалі каталіцкіх святароў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха. Гэта адбылося 8 траўня пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі. Верагодна, яны затрыманыя па адміністрацыйнай справе. Падставы невядомыя. За святарамі прыехалі адразу тры машыны міліцыі.

Парафія Маці Божай Фацімскай у Шуміліна засталася без святароў ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якую католікі адзначаюць 9 траўня.

Прыехалі ў касцёл на трох машынах: падрабязнасці затрымання святароў у Шуміліне

Затрымалі перакладчыцу Вольгу Калацкую. У яе ўдома адбыўся ператрус. У 2011 годзе Вольгу пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэстаў ударыла прапагандыста Рыгора Азаронка.

Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.

Неўролага Руслана Бадамшына пакаралі трыма гадамі «хатняй хіміі» нібыта за «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская ў судзе Фрунзенскага раёну Менску 7 траўня.

Руслана Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў пасля выбараў 2020 года. Агулам ён адбыў больш за 60 сутак адміністрацыйнага арышту. У 2021 годзе яго звольнілі з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі нібыта за спазненне на працу на дзве гадзіны. У той дзень лекара вызвалілі з СІЗА ў Жодзіне пасля 15 содняў арышту.

Два гады за дзве поўхі Азаронку?

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны