Ці пакажуць беларусам 9 траўня «жывога» Лукашэнку і ці дадуць яму прамаўляць?

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 траўня бярэ ўдзел у святкаваннях Дня Перамогі ў Маскве. Ягоны ўдзел ва ўрачыстасцях у Менску застаецца пад пытаннем. Цікавасць да паводзінаў палітыка і стану ягонага здароўя звязаная ў тым ліку з падзеямі мінулага года. 

Аляксандр Лукашэнка на парадзе 9 траўня ў Маскве. Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Маскву 8 траўня. У той самы дзень ён узяў удзел у паседжанні Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Затым ён паўдзельнічаў у нефармальных перамовах з кіраўнікамі іншых постсавецкіх краінаў. Пасля чаго да трэцяй гадзіны ночы абмяркоўваў з кіраўніком Расеі, міністрам абароны і начальнікам генеральнага штабу РФ расейскую агрэсію ва Украіне.

«Мы ўчора доўга вельмі працавалі разам. Рассталіся даволі позна», – сказаў Уладзімір Пуцін.

А 10:00, праз сем гадзінаў пасля заканчэння перамоваў з Пуціным, у Маскве ўжо пачаўся вайсковы парад. На трыбунах Лукашэнка сядзеў разам з ветэранамі і сілавікамі. Апроч таго, кампанію яму складаў шпіц Умка.

Таксама за парадам назіралі лідары Казахстану, Узбекістану, Кыргызстану, Таджыкістану, Туркменістану, Кубы, Лаосу, Гвінеі-Бісаў. Пры гэтым казахскага лідара Касым-Жамарта Такаева пасадзілі да Пуціна значна бліжэй, чым Лукашэнку.

Пасля завяршэння параду кіраўнікі краінаў разам усклалі вянок і кветкі да Магілы невядомага жаўнера ў Аляксандраўскім садзе ля сценаў Крамля. Пасля чаго Лукашэнка і Пуцін паразмаўлялі з журналістамі, у тым ліку заявілі пра супольныя ядравыя вучэнні.

Праблемы са здароўем засталіся?

Тэлеграм-канал «Ник и Майк» звяртае ўвагу на фізічныя цяжкасці, з якім амаль 70-гадовы Лукашэнка сутыкнуўся падчас візіту ў Маскву. У прыватнасці, дактарам трэба было «забяспечыць функцыянаванне не вельмі здаровага арганізму цягам некалькіх дзён на выездзе».

«На шляху транзіту ўлады нельга быць слабым і хворым – гэта гарантыя пройгрышу. Сіняпаламу [Лукашэнку. – рэд. belsat.eu] вельмі хочацца выглядаць жыва на фоне іншых», – пісаў тэлеграм-канал.

На праблемы са здароўем Лукашэнкі звярнулі ўвагу і расейскія журналісты. Гэтак, Андрэй Калеснікаў з выдання «Коммерсантъ» адзначыў, што пакуль 8 траўня большасць удзельнікаў паседжання ЕАЭС падымалася сходамі, «Лукашэнка дык зусім скарыстаўся ліфтам, што па-чалавечы зразумела».

Шпіц Умка на парадзе 9 траўня ў Маскве. Фота: RIA_Kremlinpool / Telegram

На наступны ж дзень нявыспанага Лукашэнку прымусілі сядзець на трыбунах і глядзець на парад у той час, як у Маскве ішоў снег. Яму нават давялося ўзняць каўнер сваёй курткі, каб было не так халодна.

Тое, што гэты афіцыёз даецца яму з цяжкасцю, было відаць і пры ўскладанні кветак, якія ён, на адрозненне ад іншых кіраўнікоў краінаў, нёс апушчанымі долу.

Ці будзе як летась?

Увага да стану здароўя Лукашэнкі звязаная ў тым ліку з падзеямі мінулага года. Тады ён сядзеў на трыбунах з перавязанай рукой, а на ўскладанне кветак не змог нават дайсці – давялося ехаць 300 метраў на электрамабілі.

Пасля параду ў Маскве Лукашэнка скіраваўся ў Менск, дзе ўзяў удзел ва ўскладанні кветак да манументу Перамогі. Аднак яго зноў наўпрост падвезлі да помніку. Дый прамаўляць Лукашэнка не змог, проста стаяў на месцы. Замест яго тэкст з паперкі зачытаў міністр абароны.

Сітуацыя пагоршылася яшчэ больш 14 траўня, у афіцыйны Дзень дзяржаўнага герба, сцяга і гімну. Тады Лукашэнка нават не быў на святкаванні, а замест яго ягоны зварот зачытаў прэм’ер-міністр. З’явіўся ж ён упершыню на публіцы толькі 15 траўня – моцна загрымаваны, што спарадзіла шэраг жартаў з ягонага выгляду.

Пакуль невядома, ці возьме ўдзел Лукашэнка сёлета ў святкаванні Дня Перамогі ў Менску. Але на 19:00 ізноў запланаванае ўскладанне вянкоў і кветак да манументу Перамогі ў рамках акцыі «Беларусь памятае!» на плошчы Перамогі. Удзел у гэтым самаабвешчанага кіраўніка пакуль не анансаваны.

Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны