Творы палітвязняў у «Турэмным зборніку»

У свет выйшаў «Турэмны зборнік». У яго ўвайшлі матэрыялы з асабістых архіваў палітвязняў або ад іхных сваякоў, а таксама з адкрытых крыніцаў у інтэрнэце. Складальніцай зборніка стала праваабаронца Алена Лапцёнак. Прэзентацыя кнігі прайшла ў Варшаве 8 траўня. На ёй прысутнічалі і некаторыя былыя палітвязні.

Экзэмпляры кнігі «Турэмны зборнік». Фота: spring96.org

Большасць тэкстаў «Турэмнага зборніку» напісаная на беларускай мове. Некаторыя аўтары пісалі па-расейску, а адзін верш – па-нямецку. У калоніях беларускія палітвязні не маюць магчымасці пісаць пра тое, што там адбываецца, пра тое, што яны адчуваюць, бо там пануе жорсткая цэнзура. Людзі сумуюць без сваіх блізкіх і асабліва без дзяцей. Таму пішуць дзецям казкі і малююць самі да іх ілюстрацыі.

На вокладцы кнігі – малюнак мастака Алеся Пушкіна, які загінуў у турме, не вытрымаўшы катаванняў. За кратамі застаюцца тысячы і тысячы людзей самага рознага ўзросту і прафесіяў – журналісты, праваабаронцы, навукоўцы, выкладчыкі, музыкі, медыкі, інжынеры. І без таго жахлівыя ўмовы іхнага ўтрымання пагаршаюцца з кожным днём.

У Варшаве адкрылася выстава карцінаў Алеся Пушкіна

Далёка не ўсе маюць магчымасць перадаць свае запісы сваякам, бо месяцамі пазбаўленыя спатканняў. Некаторыя ўвогуле пазбаўленыя магчымасці пісаць – у іх адбіраюць паперу і асадку, а тых, хто імі падзеліцца, караюць карцарам. Вядома са словаў тых, хто нядаўна выйшаў на волю, што многія вядомыя людзі цяпер выглядаюць вельмі дрэнна. Відаць, што яны вельмі моцна знясіленыя і маюць патрэбу ў тэрміновай медычнай дапамозе. І ў такіх умовах людзі пішуць вершы і добрыя вясёлыя казкі сваім дзецям.

Старонка з «Турэмнага зборніку», укладзенага праваабаронцай Аленай Лапцёнак. 8 траўня 2024 года. Фота: Белсат

Са словаў палітвязня, які нядаўна вызваліўся, Павал Севярынец вельмі моцна знясілены. Відаць, што ён галадае і мае вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яму не даюць спатканняў, не перадаюць карэспандэнцыі і пасылак. Крыху раней ён паспеў перадаць свайму сыну «Казку пра белага анёла, зорку і цёмную краіну, якая робіцца светлай». Казка поўная святла і любові.

У зборніку апублікаванае пераважна тое, што палітвязень напісаў у 2020–2021 гадах, калі яшчэ магчыма было нешта перадаць на волю.

Сітуацыя рэзка пагоршылася пасля таго, як расейскія войскі і спецслужбы размясціліся на тэрыторыі Беларусі. У 2023 годзе турэмны рэжым стаў настолькі жорсткім у адносінах палітычных, што некаторыя не тое што не могуць нешта перадаць на волю, яны ўвогуле пазбаўленыя спатканняў, а іхныя сваякі не могуць нічога даведацца пра іхны фізічны стан.

У такой сітуацыі палітвязні яшчэ спрабуюць супакоіць сваіх сваякоў, разумеючы, што тыя перажываюць. Журналіст Андрэй Аляксандраў напісаў:

Ты кажаш: неба – падман аптычны.

Але падман – гэта краты, вер мне.

Бо краты – толькі хэштэг, як звычка,

А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.

Журналістка Кацярына Андрэева-Бахвалава таксама з аптымізмам піша:

Ужо не страшна,

Ужо не смешна,

Ужо ніякай

Няма бяды

У тым, што сціхлі

Навокал песні,

А замест песняў –

Хрусцяць хрыбты.

У любым краі,

Дзе на прадвесні

У вакно астрога

Мне ззяеш Ты.

Адная з былых палітзняволеных, якая прысутнічала на прэзентацыі, распавяла:

«Ведаеце, як моцна абвастраюцца пахі, гукі. У Гарадзенскім СІЗА панадворак для прагулак быў маленькі – 16 метраў. Зверху рашотка, але ў самым кутку часам можна было ўбачыць кавалачак купалу храму. Бо ўнутры нічога жывога – бетон, цэмент, жалеза і нават няма вокнаў, у якія можна хаця б паглядзець на свет.

Ведаеце, летась на 9 траўня мы раптам пачулі, як на вулічнай сцэне спявае Газманаў. Вы не ўяўляеце, як усіх гэта абурыла. Як усе мараць, каб у нас не было ўсяго гэтага, каб прыйшла да нас сапраўдная свабода. І раптам даносіцца пах шашлыкоў. Недзе зусім побач кіпіць жыццё. Людзі ходзяць і нават не здагадваюцца, што адбываецца за некалькі метраў ад іх, за сцяной».

З тысяч палітвязняў у зборнік увайшлі творы толькі 52. Магчыма, неўзабаве зʼявяцца новыя «Турэмныя зборнікі» з іншымі імёнамі. Уражвае, што ў такіх нечалавечых умовах людзі пішуць светлыя, прасякнутыя аптымізмам вершы. І гэта ж не паэты. Чытаючы зборнік, мімаволі заўважаеш, да якой ступені гэта таленавітыя і добрыя людзі. Зборнік нагадвае кожнаму чытачу, што тысячы найлепшых прадстаўнікоў беларускага грамадства цяпер за кратамі, час ідзе і некаторыя з іх не дажылі да волі. А колькі б яны маглі напісаць, сказаць, зрабіць…

Што малююць палітвязні? «Вясна» сабрала віртуальную галерэю

Любоў Лунёва belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны