Ва Украіне звольнілі міністра, які прыходзіцца сваяком беларускаму кіраўніку МУС

Дэпутаты Вярхоўнай рады прагаласавалі за адстаўку віцэ-прэм’ера ў справе ўзнаўлення Украіны і міністра развіцця грамадаў, тэрыторыяў і інфраструктуры Аляксандра Кубракова.

Вцэ-прэм’ер у справе ўзнаўлення Украіны, міністр развіцця грамадаў, тэрыторыяў і інфраструктуры Аляксандр Кубракоў. Фота: Alexander Kubrakov / Facebook

За звальненне Аляксандра Кубракова прагаласавалі 272 з 320 дэпутатаў парламенту Украіны. У тлумачальным лісце адзначаецца, што звальненне звязанае з неабходнасцю рэструктурызацыі ведамства, яго збіраюцца падзяліць на два: Міністэрства інфраструктуры і Міністэрства рэгіянальнай палітыкі.

Акрамя таго, у лісце прыводзяцца звесткі, што звальненне звязанае таксама з тым, што праца, «здзяйсняная міністэрствам у частцы рэгіянальнай палітыкі, зазнае крытычны стан».

Сам Кубракоў адзначае, што кіраўніцтва фракцыі «Слуга народу» і кіраўнік ураду Дзяніс Шмыгаль не абмяркоўваў з ім гэтай пастановы.

Аляксандр Кубракоў быў прызначаны міністрам інфраструктуры 20 траўня 2021 года, а ў снежні 2022-га стаў віцэ-прэм’ерам і міністрам інфраструктуры і рэгіянальнага развіцця.

Ва ўкраінскіх і беларускіх СМІ праходзіла інфармацыя, што Аляксандр Кубракоў, імаверна, ёсць пляменнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова. Сам Аляксандр Кубракоў ніколі не згадваў у інтэрв’ю беларускіх каранёў, не было інфармацыі пра ўкраінскіх сваякоў і ад міністра з Беларусі.

Міністр унутраных справаў РБ Іван Кубракоў (злева) і ягоны імаверны пляменнік Аляксандр Кубракоў (злева). Крыніца: «Зеркало»

У той жа час тэма сваяцтва шырока ўзнімалася ў СМІ пасля задушэння пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Тады абурэнне выклікалі факты таго, што Аляксандр Кубракоў, які тады кіраваў «Украўтадорам», працягваў супрацу з дзяржаўнымі кампаніямі Беларусі ў справе будавання дарог ва Украіне – у гэтым угледжвалі змову паміж сваякамі.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны