З Беларусі забаранілі вывозіць моркву і буракі

Урад Беларусі ўвёў часовае абмежаванне на вываз з Беларусі морквы і харчовых буракоў, адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ogorod.ru

Пастанова будзе дзеяць цягам трох месяцаў. Яна прынятая ў мэтах выканання параметраў Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года.

Вываз за межы Беларусі гэтых відаў прадукцыі будзе ажыццяўляцца паводле ліцэнзіяў, якія выдае МАРГ пасля ўзгаднення з Мінсельгасхарчам, абласнымі выканкамамі і Менскім гарвыканкамам.

Такія ліцэнзіі выдаюцца ў парадку, аналагічным вызначанаму правіламі выдачы ліцэнзіяў і дазволаў на экспарт і (або) імпарт тавараў, прадугледжанымі дадаткам да пратаколу аб захадах нетарыфнага рэгулявання адносна трэціх краінаў (дадатак нумар 7 да Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 траўня 2014 года), паведамляе БелТА.

Ва ўрадзе ўдакладнілі, што ўвядзенне ліцэнзавання экспарту дасць магчымасць максімальна кантраляваць рэсурсы найперш для забеспячэння ўнутранага рынку пад поўныя патрэбы за кошт прадукцыі, якую вырасцілі ў краіне.

На гэты момант дзеюць абмежаванні на вываз збожжа (пшаніцы, жыта, ячменю і інш.), а таксама лёну.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны