Эканаміст: Новаўвядзенні ў пастанове аб цэнаўтварэнні прадугледжваюць «касметычныя змены»

Урад скарэктаваў пастанову аб цэнаўтварэнні ў Беларусі. Асноўныя моманты пастановы застаюцца без зменаў. Але чыноўнікі дазволілі павышаць цэны для беларускіх вытворцаў. Эксперт цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна ў размове з «Белсатам» каментуе, што новаўвядзенні прадугледжваюць «касметычныя змены» ў цэнаўтварэнні ў Беларусі.

Прадукты ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года. Фота: Белсат

Паводле зменаў у пастанове № 713, беларускія вытворцы могуць павышаць цэны на нейкія новыя віды тавараў з 10 да 20 %. Датычыць гэта менавіта беларускіх вытворцаў, якія могуць быць цяпер больш гнуткімі ў цэнаўтварэнні ў бок іх павелічэння, тлумачыць сутнасць новаўвядзенняў у размове з «Белсатам» эксперт Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна.

Новаўвядзенні і змены ў пастанову № 713 – гэта спроба нейкім чынам змякчыць сітуацыю і даць больш магчымасцяў, каб зарабілі менавіта беларускія вытворцы. Пры гэтым, звяртае ўвагу Анастасія Лузгіна, даволі жорсткай пастановы, якая з’явілася летась, ніхто не адмяняў.

Чыноўнікі ў Беларусі лічаць, што ў краіне крыху запаволілася інфляцыя, таму і вырашылі зрабіць палёгку. Эксперт мяркуе, што гэта сёлета не апошняе змяненне ў пастанову. Спісы тавараў, цэны на якія рэгулююцца, захоўваюцца. Касметычныя змены могуць увесці пазней, але жорсткі кантроль надалей застаецца. Ад таго, што пастанову скарэктавалі, кажа Анастасія Лузгіна, чакаць нейкіх рэвалюцыйных зменаў на рынку не выпадае.

Урад Беларусі зноў карэктуе заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні

Паводле эканаміста, леташняя пастанова даволі жорсткая, а вось цяпер змены робяць закон больш гнуткім.

«Гэта азначае таксама, што новыя тавары могуць падаражэць. Але пытанне ў тым, наколькі вытворцы будуць карыстацца такой магчымасцю, бо яны не адзіныя на рынку, і існуе канкурэнцыя», – кажа Анастасія Лузгіна.

Агулам комплекс захадаў ураду скіраваны на тое, каб паспрыяць беларускім вытворцам. Вядома, што робіцца гэта адміністратыўнымі захадамі. Улады краіны ўводзяць няроўныя ўмовы для імпартных тавараў і тавараў беларускай вытворчасці, кажа Анастасія Лузгіна. Калі ж казаць пра харчы, то доля беларускіх тавараў была і ёсць на паліцах крамаў даволі высокай. Што да нехарчовых тавараў, лекаў, напрыклад, то людзі выбіралі часта не цэны, а якасць. Гэта ж датычыць і харчоў.

Дзеля спажывання і нерухомасці. Беларусы чатыры месяцы запар здаюць валюты болей, чымся купляюць

Алена Аляксандрава belsat.eu

Тэгі: кошты урад
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны