Што на межах Беларусі: на Польшчу чарга павялічылася, на Літву зменшылася, чакаць усё адно доўга

Праблемы з чэргамі на межах Беларусі не развязваюцца: днём 9 чэрвеня чэргі на межах з Літвой доўгія, але не катастрафічныя, а на мяжы з Польшчай – вялізны затор з беларускага боку. «Белсат» глядзіць статыстыку памежнікаў і паведамленні ў чатах беларусаў.

Архіўнае фота. Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі станам на сярэдзіну 9 чэрвеня публікуе наступныя лічбы чэргаў на выезд з Беларусі.

  • «Грыгароўшчына – Патэрніекі» (Латвія): 0 легкавікоў, 680 цяжкавікоў, з ночы чэргі амаль не змяніліся.
  • «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва): 90 легкавікоў, 640 цяжкавікоў, з ночы чарга легкавікоў вырасла, цяжкавікоў – крыху зменшылася.
  • «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва): 80 легкавікоў, 690 цяжкавікоў, з ночы чэргі крыху зменшыліся.
  • «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча, грузавы): як і ноччу, 100 цяжкавікоў.
  • «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча): 440 легкавікоў і 60 аўтобусаў, уначы чарга змяншалася да 330 легкавікоў і 45 аўтобусаў, апоўдні значна вырасла.

Онлайн-камеры адключылі на ўсіх беларускіх пераходах. Літоўскія памежнікі не абнаўлялі статыстыку чэргаў на ўезд у Беларусь з 7 чэрвеня.

У чаце пра «Грыгароўшчыну» пішуць, што чарга і з латвійскага боку невялікая, каля двух дзясяткаў машынаў, і з беларускага – каля 15, але пераход мяжы з усімі праверкамі можа заняць 3–4 гадзіны.

У чаце пра «Каменны Лог» расказваюць, што пераход мяжы з Беларусі ў Літву займае каля 9–12 гадзінаў на машыне, але можа пашанцаваць і на пяць з паловай. На аўтобусе можна прастаяць у чарзе такі ж час: 9–12 гадзінаў, але калі пашанцуе – пяць з паловай. З Літвы ў Беларусь аднаму аўтобусу мяжу ўдалося прайсці за дзве з паловай гадзіны, але адной машыне давялося чакаць 9 гадзінаў, другой – 12.

У чаце пра «Беняконі» паведамляюць, што на машыне з Беларусі ў Літву можна перайсці мяжу за 10–15 гадзінаў, з Літвы ў Беларусь машынай – звыш 8 гадзінаў. Аўтобус з Беларусі ў Літву прайшоў мяжу за дзве гадзіны.

Адзін з карыстальнікаў скардзіцца на літоўскіх памежнікаў: «Такое адчуванне, што да 12 ночы яны не працуюць, каб як мага менш людзей на мяжу прыязджалі». Але літоўскія мытнікі, мяркуючы па чатах беларусаў, ужо могуць і не даглядаць рэчы або ладзіць вельмі павярхоўны дагляд. Ежу ўжо не прымушаюць выкідаць, дазваляюць правозіць да 2 кг у адкрытых пакунках. Але аднаго чалавека, які вёз 5 пачак цыгарэтаў, не прапусцілі праз мяжу.

Літва змякчыла забарону на правоз прадуктаў з Беларусі: можна ўскрытыя пакункі

У чаце пра «Берасце» пішуць, што пераход мяжы ў Польшчу на машыне можа заняць 28 гадзінаў, а асноўны час чакання – у двухкіламетровай чарзе да беларускага пераходу. На аўтобусе з Беларусі ў Польшчу праходзілі мяжу 8–12 гадзінаў (пры тым прачакаць 12 гадзінаў можна нават калі сесці ў першы аўтобус у чарзе, і гэта пры тым, што аўтобусы амаль пустыя). З польскага боку ў Беларусь чарга меншая, каля кіламетру, на аўтобусе з Польшчы ў Беларусь можна перайсці мяжу за 5–10 гадзінаў, на машыне – ад 8 да 13 з паловай. Ранкам 9 чэрвеня на польскім баку былі адкрытыя тры калідоры для аўтамабіляў. Раяць ехаць ноччу – чакаюць, што з польскага боку ў 4–6 ночы чаргі ўжо не будзе.

Беларускія памежнікі вінавацяць польскіх у маруднай працы. Польскія ж тлумачаць, што вымушаныя перакідваць сілы з памежных пераходаў на ахову мяжы ад нападаў мігрантаў, аб чым інфармуюць беларускі бок.

У адказ на забойства жаўнера мігрантамі, якія спрабавалі трапіць у Польшчу нелегальным шляхам, Варшава можа поўнасцю закрыць мяжу. Але пакуль такога рашэння няма, затое польскія памежнікі ўжо атрымалі дазвол мець пры сабе зброю і ўпершыню ўжылі яе супраць групы мігрантаў. Афіцыйны Менск называе гэта «залішняй палітызацыяй».

Расея тэстуе польскую мяжу? Чаму мігранты сталі ўсё часцей атакаваць памежнікаў Польшчы

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны