КДБ заявіў пра «шырокамаштабную зачыстку ад радыкальна настроеных». Вынікі нападу на прэсу і актывістаў
2021.07.09 11:33
За 8 ліпеня сілавыя органы правялі маштабны напад на незалежныя выданні Беларусі. Камітэт дзяржаўнай бяспекі тым часам распавядае пра аперацыю супраць «удзельнікаў радыкальных чатаў».
Ілюстрацыйнае фота. Тэлеграм-канал «Нашай нівы». Менск, Беларусь. 28 красавіка 2021 года. Фота: Белсат
Цягам 8 ліпеня ператрусы прайшлі ў наступных выданнях:
«Наша ніва»;
«Брестская газета»;
«Intex-press» (Баранавічы);
Orsha.eu;
«Медиа-Полесье» (Пінск – Лунінец – Столін) у «справе акту тэрарызму».
Ператрусы правялі таксама ў:
галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча, рэдактара Андрэя Скурка і работнікаў бухгалтэрыі;
колішняга галоўнага рэдактара «Нашай нівы», а цяпер галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынька;
журналісткі Bobr.by Алесі Лацінскай;
віцебскага журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча;
фатографа Orsha.eu Дзяніса Дубкова;
берасцейскай актывісткі Аляксандры Гаўрусік;
віцебскага актывіста Мікалая Качурца;
гомельскага валанцёра Іллі Міронава;
актывістаў з Глыбокага Аляксандра Шарабайкі і Вольгі Лапаткі;
у Докшыцах – у настаўніка Арцёма Стадольніка і былога следчага Юрыя Мацеюна;
Рэдактара берасцейскага сайту «Першы рэгіён» Алега Супрунюка аштрафавалі на 500 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ператрус у віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава не чынілі, аднак у ягонай маці забралі тэлефон.
Затрыманыя:
У справе аб масавых беспарадках – Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Андрэй Дынько і галоўная бухгалтарка «Нашай нівы» Вольга Раковіч. Яны цяпер у ізалятары на Акрэсціна, затрыманыя на 72 гадзіны.
У справе аб псаванні будынкаў надпісамі палітычнага характару – рэдактар аршанскага сайту Orsha.eu Ігар Казмерчак.
У справе аб абразе прадстаўніка ўлады дапыталі ў Следчым камітэце і затрымалі журналіста-фрылансера Віталя Скрыля з Віцебску.
З невядомай прычыны (магчыма, у справе аб абразе прадстаўніка ўлады) – глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач, па яго прыехалі ў санаторый.
З невядомай прычыны, «звязанай з тэрарызмам», – гомельскі палітык і грамадскі дзеяч Васіль Палякоў.
З невядомай прычыны ў Докшыцах – настаўнік Арцём Стадольнік і былы следчы Юрый Мацеюн.
Магчыма, гомельскі валанцёр Ілля Міронаў.
Паводле інфармацыі чытачоў «Белсату», у Докшыцах засталіся пад вартаю на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы тры асобы: Юрый Мацеюн, Арцём Стадольнік і маці траіх дзяцей, актывістка Вераніка Судніковіч. Усім траім інкрымінуюць арт. 341 быццам за размаляваны аўтобусны прыпынак у вёсцы Замасточча Докшыцкага раёну.
КДБ: Трывае «шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных»
Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак. Над гэтым «працуе ўвесь сілавы блок краіны», кажа ён, і былі выяўленыя ўдзельнікі чатаў «ОГСБ», «ОГС» і «Буслы летят».
Ці тая гэта аперацыя, пра заканчэнне якой 2 ліпеня абвясціў Аляксандр Лукашэнка, і ці звязаная яна з нападам на прэсу, невядома.