Беларусы з гуманітарным ВНЖ у Польшчы не змогуць прыязджаць у Беларусь

Беларускія атрымальнікі гуманітарнага віду на жыхарства ў Польшчы не змогуць наведваць Беларусь, пакуль у дачыненні іх будзе дзеяць такі дакумент. Пра гэта распавяла прадстаўніца Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Гуманітарны від на жыхарства быў распрацаваны адмыслова для беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму праз небяспеку пераследу. Пытанне рэгламентаванае ў п. 9 ч. 1 арт. 186 закону «Аб іншаземцах».

«Такі від на жыхарства будзе выдавацца ў сувязі з тым, што грамадзянін, які звяртаецца, не можа вярнуцца ў Беларусь. І ён выключае магчымасць вандровак у Беларусь. Парушэнне гэтага правіла можа быць расцэненае польскімі ўладамі як парушэнне правілаў выдачы такіх відаў на жыхарства, і вам можа пагражаць штраф з забаронай на ўезд у ЕЗ», – распавяла Крысціна Рыхтэр.

Беларусам будзе прасцей атрымаць від на жыхарства ў Польшчы

9 ліпеня ў Польшчы набывае моц пастанова, якая дазволіць звяртацца па дазвол на часовы побыт тым грамадзянам Беларусі, якія маюць польскую гуманітарную візу (з пазнакай «D 21»). Перад падачай заявы на гэты від на жыхарства чалавек павінен быць на тэрыторыі Польшчы.

Новы від на жыхарства:

  • будзе выдавацца адзін раз тэрмінам на тры гады;
  • зробіць дазвол і карту побыту, выдадзеную на яго падставе, бясплатнымі;
  • вызваліць свайго ўладальніка ад абавязку мець дазвол на працу.

Дазвол на часовы побыт будзе выдавацца ваяводам па месцы знаходжання грамадзяніна Беларусі.

З 1 студзеня 2023 года ўладальнік гэткага часовага віду на жыхарства зможа хадайнічаць аб выдачы польскага праязнога дакументу для замежніка.

Спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Польшчы было адной з тэмаў размовы Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Матэўшам Маравецкім 4 ліпеня.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны