У Запарожскай вобласці пачалі кіравацца расейскім заканадаўствам

Паліцыя на акупаваных Расеяй тэрыторыях Запарожскай вобласці ўжо кіруецца Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксамі РФ, паведамляе расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на прадстаўніка прарасейскай адміністрацыі рэгіёну Уладзіміра Рогава.

Уладзімір Рогаў. Фота: Владимир Рогов/Youtube

«Мы пачалі выкарыстоўваць заканадаўства Расейскай Федэрацыі ў розных сферах», – адзначыў чыноўнік.

Напярэдадні кіраўнік прарасейскай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі падпісаў распараджэнне аб правядзенні рэферэндуму наконт далучэння да Расеі. Пры гэтым не паведамляецца, калі акупацыйныя войскі збіраюцца праводзіць разам з Крамлём «рэферэндум». Раней Баліцкі заяўляў, што плануе зрабіць гэта напачатку восені. Гаворка можа ісці пра расейскі адзіны дзень галасавання 11 верасня.

7 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў выпадку правядзення псеўдарэферэндуму на акупаваных тэрыторыях поўдня Украіны Масква закрые любую магчымасць перамоваў з Кіевам.

У акупаванай частцы Запарожжа пачынаюць рыхтаваць «рэферэндум» пра аб’яднанне з Расеяй

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны