«Заклалі бомбу»: на канферэнцыі «Новая Беларусь» абвяшчалі эвакуацыю

Канферэнцыю працягнуць на дварэ  – каля гадзіны спатрэбіцца, каб праверыць памяшканне пасля паведамлення пра бомбу. Праз менш як 30 хвілін удзельнікаў запрасілі назад у залу – бомбу не знайшлі.

Эвакуацыя з канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Апоўдні 9 жніўня канферэнцыю «Новая Беларусь» ў Вільні давялося прыпыніць: арганізатары атрымалі паведамленне пра закладзеную бомбу.

«Палітычны перформанс усё ж адбыўся», – пажартавала прадстаўніца Офісу Ціханоўскай Святлана Бабінцава.

Канферэнцыі не спынілі – праграму працягнулі на дварэ і паабяцалі вярнуцца ў залу, калі памяшканне правераць на выбухоўку. Адкуль паступіла паведамленне, не расказалі.

«Калі хтосьці лічыць, што гэта паўплывае на тыя пастановы, што найбліжэйшым часам мусяць быць агучаныя ў межах канферэнцыі – гэта не акажа ўплыву, – запэўніў Павел Латушка, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. –  У нас ёсць згуртаванасць, у нас ёсць энергія, у нас ёсць воля. Галоўнае – воля прыняць вызначыцца і рушыць далей да той мэты, якую мы паставілі.

Я практычна перакананы, што мэта таго, што цяпер адбываецца, гэта паспрабаваць адкласці вельмі важныя рашэнні, што могуць вызначыць будучыню нашай краіны і развіццё нашай дзяржавы».

Эвакуацыя з канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Youtube

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў «Белсату» такую версію: пра бомбу маглі паведаміць тыя, хто баяцца рашэнняў канферэнцыі і стварэння кабінету з функцыяй альтэрнатыўнага ўраду.

«Мы чулі такую інфармацыю, што ўжо ў лукашэнкаўскім атачэнні ўсе перапужаліся, што дэмакратычныя сілы аб’ядналіся, – кажа Вячорка. – Нейкімі такімі дзіцячымі падставамі спрабуюць сарваць пагадненне, дамову».

Пачаўся другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». Абмеркавалі Пуціна, Пракоп’ева, Цапкалу, Пазняка

Паведамленне атрымалі падчас дыскусіі аб праблемах беларускага бізнесу. Да таго паспелі правесці сесію пытанняў і адказаў.

У першы дзень канферэнцыі абмяркоўвалі шляхі выхаду з палітычнага крызісуарганізацыю транзітнага перыядуратаванне ад эканамічнага крызісу і рэарганізацыю дэмакратычных сілаў. Папярэдне пагадзіліся на спробу стварыць альтэрнатыўны ўрад.

«Можа, мы ўсё зрабілі не так?..» У Вільні прайшоў першы дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»

Праз менш як 30 хвілінаў удзельнікаў канферэнцыі запрасілі назад у залу.

Трансляцыя другога дня канферэнцыі працягваецца, але відэа перапынялася на час эвакуацыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны