У Менску затрымалі ўдзельнікаў пратэставага маршу

Адразу некалькі крыніцаў паведамляюць пра затрыманні ў раёне Кунцаўшчыны ў Менску.

Паводле «Еўрарадыё», жыхары раёну выйшлі сёння раніцаю на марш пратэсту з бел-чырвона-белаю сімволікай. Некаторых з іх на вуліцы Прытыцкага жорстка затрымаў ГУБАЗіК.

Блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале паведамляе пра затрыманні на лакальным маршы ў Кунцаўшчыне. Людзі ішлі з бел-чырвона-белымі сцягамі ў бок метро, калі з сіняга буса выбеглі сілавікі ў масках. «Заламалі, павялі ў аўта, аднаго чалавека павалілі на зямлю, затым ударылі нагою некалькі разоў», – піша Матолька.

Інфармацыю пра затрыманні ў Кунцаўшчыне пацвярджае тэлеграм-канал ГУБАЗіКу. Сілавікі выклалі відэа з адным з затрыманых пратэстоўцаў. Ён распавёў, што падпісаны на пратэставы тэлеграм-чат і сёння раніцай яны планавалі правесці акцыю пратэсту. Але фактычна адразу іх затрымалі. На відэа пратэстоўца прымушаюць стаяць з рукамі за галавою.

«Акцыі адбываюцца пастаянна». Актывісты пратэставага падполля распавялі пра сваю барацьбу

Чытачы «Белсату» падзяліліся падрабязнасцямі сённяшніх падзеяў:

«Сапраўды, сёння планаваўся міні-марш на 50 чалавек у раёне Кунцаўшчыны. Аднак удалося своечасова даведацца пра падыход слабавікоў. Супрацоўнікі былі ў разгубленым стане, відавочна, не чакалі нас убачыць, што дазволіла натоўпу скарыстацца сітуацыяй і рассяродзіцца. Затрыманыя адзінкі, якіх мы не ведаем. Ёсць падазрэнне, што спрабавалі схапіць хоць кагосьці, каб зусім не атрымаць па шапцы, таму там апынуліся незнаёмыя нам людзі».

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны