На планаванай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным 9 верасня анансавалі чарговае абмеркаванне беларуска-расейскай інтэграцыі і пагадненне ў дарожных мапах. «Белсат» згадвае, як суседнія з Беларуссю краіны ішлі на інтэграцыю. А ўсе – апроч усходняга суседа – ішлі на захад.
Пасля Другой сусветнай вайны і да канца 1980-х Польшча была пад уладаю камуністаў. Яшчэ да таго, як краіна стала дэмакратычнай, яна ўзяла курс на кааперацыю з Заходняй Еўропай. Перамовы ішлі яшчэ пры камуністах і яшчэ з продкам Еўразвязу – Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю – з 16 верасня 1988 года.
Калі ж адбыліся дэмакратычныя змены, Польшча пачала перамовы пра асацыяцыю з Еўрапейскай эканамічнаю супольнасцю, і гэтае пагадненне падпісалі праз год з пачатку перамоваў, у канцы 1991-га. Тады развалілася Арганізацыя Варшаўскай дамовы – вайсковы блок сатэлітаў СССР. А каб паскорыць еўрапейскую інтэграцыю, Польшча, Вугоршчына, Славаччына і Чэхія ўтварылі альянс пад назваю «Вышэградская група».
Увесну 1992 года Польшча падпісала гандлёвае пагадненне з ЕЭС, якое набыло моц праз два гады – і ўжо ў Еўразвязам. У 1993-м краіны будучага Еўразвязу пацвердзілі, што гатовыя прыняць Польшчу ў альянс пасля выканання эканамічных і палітычных крытэраў, у 1994 годзе Польшча падала фармальны запыт на далучэнне да ЕЗ.
Польшча і Еўразвяз вялі перамовы пра тры дзясяткі сфераў, у якіх ад Польшчы чакалі рэформаў. Перамовы завяршыліся ў снежні 2002 года – і ў красавіку 2003-га Рада Еўразвязу адзінагалосна прагаласавала за прыняцце Польшчы ў Еўразвяз. У тым жа красавіку Польшча далучылася да Шэнгенскай зоны. У чэрвені 2003 года ў Польшчы правялі рэферэндум аб далучэнні да Еўразвязу: 77,5 % было за пры яўцы каля 59 %. Афіцыйна Польшча стала чальцом Еўразвязу 1 траўня 2004 года.
Да NATO Польшча далучылася нават раней, чымся да Еўразвязу: у 1999-м, разам з Вугоршчынай і Чэхіяй. Але еўра ў Польшчы прымаць не сталі, вакол гэтага з 2003 года трываюць палітычныя спрэчкі.
Шлях гэтых краінаў прыблізна аднолькавы. Балтыйскія краіны ў адзін дзень з Польшчаю далучыліся да Шэнгенскай зоны (16 красавіка 2003 года) і Еўразвязу (1 траўня 2004 года), хоць падалі фармальныя запыты на далучэнне да Еўразвязу на паўтара года пазней за Польшчу. У Літве за далучэнне да Еўразвязу прагаласавалі 91,1 % (яўка – 63,4 %), у Латвіі – 67,5 % (яўка – 71,5 %), у Эстоніі – 66,8 % (яўка – 64,1 %).
Між сабою краіны Балтыі сябравалі нефармальна і фармальна. У 1989 годзе жыхары Літвы, Латвіі ды Эстоніі правялі «Балтыйскі шлях» – мірны ланцуг салідарнасці, які расцягнуўся на 600 км і меў на мэце нагадаць пра пакт Молатава – Рыбэнтропа і жаданне народаў здабыць незалежнасць ад Крамля.
Увесну 1990-га гэтыя краіны абвясцілі пра выхад з СССР, не бралі ўдзелу ў рэферэндуме аб захаванні СССР у 1991 годзе і не далучаліся да Садружнасці незалежных дзяржаваў. Затое ў 1991 годзе Літва, Латвія ды Эстонія ўтварылі свой Бенілюкс – Балтыйскую асамблею.
Эстонія далучылася да еўразоны ў 2011 годзе, Латвія – у 2014-м, Літва – у 2015-м, адмовіўшыся ад, адпаведна, кронаў, латаў і літаў. Рэферэндумаў у гэтым пытанні не праводзілі.
Да NATO балтыйскія краіны далучыліся пазней за Польшчу на пяць гадоў, у 2004-м. У 1999 годзе, калі ў альянс прымалі Вугоршчыну, Польшчу і Чэхію, для наступных чальцоў толькі ўхвалілі планы далучэння. У 2000-м утварылася Віленская група з краінаў, якія хацелі далучыцца да NATO, і апошняя з той групы, Паўночная Македонія, далучылася ў сакавіку 2020-га.
Як і Беларусь, Украіна абвясціла пра выхад з СССР у жніўні 1991 года (але на дзень раней, 24 жніўня), хоць на рэферэндуме ў сакавіку 1991-га большасць прагаласавала за захаванне СССР. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Украіны падпісалі ў снежні 1991 года Белавежскае пагадненне аб стварэнні СНД (які спачатку збіраліся назваць Саюзам славянскіх краінаў). Але Украіна так і не падпісала Статуту СНД ды выйшла з арганізацыі (фактычна – у 2014 годзе, юрыдычна – у 2018-м, хоць у СНД з гэтым рашэннем не згодныя).
У Еўразійскі эканамічны саюз і Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (з Расеяй, Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам і Кыргызстанам) Украіна ўваходзіць не стала.
У 1997 годзе Грузія, Украіна, Азербайджан і Малдова ўтварылі Арганізацыю за дэмакратыю і эканамічнае развіццё (ГУАМ), куды з 1999 да 2005 года ўваходзіў таксама Узбекістан. Ды эфектыўнасць арганізацыі спрэчная: актыўнасць у ёй адбываецца хвалямі, а дасягненняў практычна няма.
Літва, Польшча і Украіна з 2005 года супрацоўнічаюць праз Міжпарламенцкую асамблею, якая ўлетку 2020 года была дапоўненая платформай эканамічнай і палітычнай супрацы, якую назвалі Люблінскім трыкутнікам.
У 2009 годзе Еўразвяз стварыў «Усходняе партнёрства» – праект развіцця інтэграцыі з Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. У 2021-м Украіна, Грузія і Малдова стварылі над праектам яе фармат «асацыяванага трыа» дзеля пашырэння асацыяцыі з Еўразвязам, а Беларусь выйшла з «Усходняга партнёрства».
Украіна з 2007 года вяла перамовы з Еўразвязам пра заключэнне Дамовы аб асацыяцыі, тэкст узгаднілі ў лістападзе 2011-га, парафіявалі ў сакавіку 2012-га. Але ў канцы 2013 года тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч адмовіўся падпісаць дамову, што выклікала масавыя пратэсты – Еўрамайдан, вынікам якога сталася Рэвалюцыя годнасці і ўцёкі Януковіча ў Расею.
Пасля змены ўлады перамовы аднавіліся, пагадненне падпісалі ў тым жа 2014-м. Але працэдура ратыфікацыі з боку краінаў Еўразвязу зацягнулася. У Нідэрландах у 2016 годзе нават ладзілі кансультацыйны рэферэндум, на якім 61,6 % галасоў аддалі супраць асацыяцыі Еўразвязу і Украіны. Ды ў канцы 2016-га Еўразвяз прыняў удакладненні Нідэрландаў да Дамовы аб асацыяцыі (дамова не абавязвае надаваць статусу кандыдата на далучэнне да ЕЗ, не абавязвае да фінансавай і вайсковай дапамогі, не прадугледжвае права грамадзянаў Украіны на вольнае пражыванне і працаўладкаванне ў Еўразвязе). Пасля гэтага ўлады Нідэрландаў паўторна ўхвалілі дамову, тая ўрэшце набыла моц 1 верасня 2017 года.
Цяпер Украіна не мае статусу кандыдата на далучэнне да Еўразвязу, але плануе падаць заяўку ў 2024 годзе. Бязвізавы рэжым з Еўразвязам ужо дзеіць: украінцы маюць права быць у Еўразвязе 90 дзён у 180-дзённы перыяд (але бязвіз не дае права на пражыванне, працу і навучанне). Пра бязвіз дамаўляліся з 2010 года, дамовіліся ў 2017-м.
З 2002 года Украіна і NATO маюць супольны план дзеянняў, з 2005-га гэты план перайшоў у фармат паскоранага дыялогу. У час прэзідэнцтва Віктара Януковіча пытанне далучэння Украіны да NATO было замарожанае, ды пасля змены ўлады зноў актывізавалася. На сёння Украіна мае статус партнёра з пашыранымі магчымасцямі, хоць менавіта далучэнне краіны да NATO наўрад ці магчымае падчас узброенага канфлікту на Данбасе, які актыўна падтрымлівае Расея.
Усходні сусед Беларусі не толькі ўваходзіць у міжнародныя арганізацыі, але і стварае іх – часам, як у выпадках СССР і Варшаўскай дамовы, гвалтоўна трымае краіны ў гэтых арганізацыях.
Расейская федэрацыя ўваходзіць у згаданыя СНД, АДКБ, Еўразійскі эканамічны саюз, а таксама ў Шанхайскую арганізацыю супрацы (разам з Індыяй, Кітаем, Пакістанам і азіяцкімі краінамі былога СССР) ды шмат якія іншыя міжнародныя арганізацыі.
Лёс праекту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, утворанага ў 1996 годзе, можа вызначыцца 9–10 верасня на сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ды наступным паседжанні саюзнага Саўміну. А можа і не вызначыцца: напрыклад, у 2003-м Лукашэнка і Пуцін пагадзіліся на ўвядзенне расейскага рубля як адзінай валюты Беларусі і Расеі з 2005 года, а рубель усё яшчэ не адзіны.
АА belsat.eu