Узровень «нараджальнасці» з 2012 года ўпаў амаль удвая. Гэта пра бізнес

У 2020 годзе узровень «нараджальнасці» прадпрыемстваў быў самы нізкі за апошнія 10 гадоў. Такія звесткі утрымліваюцца ў нядаўна апублікаваным Белстатам аглядзе бізнес-дэмаграфіі ў Беларусі. Гэта раздзел статыстыкі, які вывучае дзейнасць прадпрыемстваў у прывязцы да іх жыццёвага цыклу: ад «нараджэння» да «смерці». Паглядзелі, як выглядае «жыццё» беларускага бізнесу. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Амаль 10 гадоў таптання на месцы

Бізнес-дэмаграфія сведчыць, што тэмпы з’яўлення актыўных кампаніяў у Беларусі застаюцца невысокімі цягам амаль 10 гадоў. Паводле Белстату, на канец 2022 года ў Беларусі зарэгістравана 119,8 тыс. камерцыйных арганізацыяў. З іх актыўнымі былі 104,3 тыс. – гэта 87 %. У параўнанні з 2021 годам гэты лік скараціўся на 1,5 %. Больш за 40 % абыходзяцца адным работнікам.

Актыўнымі лічацца тыя прадпрыемствы, дзе выручка і колькасць працаўнікоў большыя за нуль. Кожнае зʼяўленне такога прадпрыемства называецца «нараджэннем», а зваротны працэс называецца «смерцю».

Колькасць актыўных прадпрыемстваў дынамічна расла да 2014 г.: узровень «нараджальнасці» тады складаў 14,1–16,9 % (цалкам еўрапейскі). Аднак з 2015 г. ён не перавышае 8,8 % пры ўзроўні «смяротнасці» 6,2–8,4 %. Так, з 2015 г. колькасць актыўных кампаній вагаецца ў дыяпазоне 104,7–106,9 тыс. і ніяк не можа выйсці за яго межы. Максімум у 106,9 тыс. быў зафіксаваны ў 2019 годзе, але з той пары лік толькі падае.

Чаму так адбываецца?

Зніжэнне колькасці актыўных арганізацыяў тлумачыцца перш за ўсё нізкім узроўнем «нараджальнасці», які не можа перакрыць «смяротнасці», якая з года ў год застаецца ў дыяпазоне 6,5–8,5 %. То бок пры нязменным узроўні «смяротнасці» колькасць новых арганізацыяў і прадпрыемстваў з года ў год падае.

Для параўнання: калі ў 2014 г. «нарадзілася» 14,8 тыс. прадпрыемстваў за год (узровень «нараджальнасці» – 14,1 %), то ў 2022 г. – толькі 7,8 тыс. (7,5 %). Найбольш высокая «нараджальнасць» чакана назіраецца ў Менску (9,3 %), а вось за межамі сталіцы яна рэдка перавышае 6,8 %. Аднак нават у Менску колькасць новых бізнесаў зніжаецца апошнія гады.

Паглядзелі, у якіх сферах «нараджаецца» найбольш бізнесаў. Гэта догляд за асобамі ў спецыялізаваных установах і наданне сацыяльных паслуг (30 %), адукацыя (14,1 %), паслугі часовага харчавання і пражывання (12,5 %), творчасць, спорт, забавы і адпачынак (10,5 %). У параўнанні з мінулым годам з гэтага спісу выпаў IT-сектар, «нараджальнасць» у якім знізілася з 11,7 % да 9,2 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: drobotdeana / Freepik

А як у Еўропе? Для параўнання суаднясем беларускія лічбы з суседскімі. Агулам сярэдні ўзровень «нараджальнасці» бізнесу ў Еўропе ў 2019 г. склаў 10 %. Літва, Польшча і Латвія мелі значэнні 19,4 %, 12,7 % і 11,7 % адпаведна.

За 5 гадоў з двух навароджаных бізнесаў выжывае адзін

Цяпер паглядзім на актыўныя кампаніі, якія дзейнічаюць у Беларусі. Мяркуючы з лікаў, у краіне існуе пэўны касцяк спелых, устояных бізнесаў. Так, амаль палова прадпрыемстваў (46,4 %) захоўвае актыўнасць больш за 10 гадоў. Доля маладых камерцыйных арганізацыяў, «узрост» якіх не перавышае 1 года, складае 14 %, кампаніяў з «узростам» 2–5 гадоў – 20,6 %, 6–9 гадоў – 18,9 %.

Паводле статыстыкі, часцей за ўсё «паміраюць» менавіта маладыя кампаніі. Калі колькасць арганізацыяў, «народжаных» у 2017 г., лічыць за 100 %, то праз год іх засталося 86,4 %, праз 3 гады – 67,7 %, праз 5 гадоў – 54,6 %. То бок за першыя тры гады «памірае» кожны трэці бізнэс, а за 5 гадоў – кожны другі.

Для параўнання паглядзім на лічбы выжывальнасці бізнесу ў еўрапейскіх краінах. У сярэднім па Еўропе ў першы год выжывае крыху больш за 80 % кампаніяў, праз 3 гады – менш за 60 %, праз 5 гадоў – 43 %. Атрымліваецца, што бізнэс у Беларусі «нараджаецца» радзей, аднак адсотак тых, хто «выжыў» у ім, вышэйшы, што можа тлумачыцца высокай адаптыўнасцю беларускіх кампаніяў.

Здольнасць да «выжывання» бізнесу залежыць ад сферы дзейнасці. Самымі «жывучымі» на адрэзку 5 гадоў апынуліся кампаніі, звязаныя з прамысловасцю і IT-сектарам (59,3 % і 59,2 % адпаведна). Ніжэйшая «выжывальнасць» назіраецца ў будаўніцтве, аптовым і рознічным гандлі.

Па вобласцях «выжывальнасць» размяркоўваецца так: больш высокая характэрна для Гарадзенскай, Берасцейскай і Гомельскай вобласцяў, нізкая – у Віцебскай, Магілёўскай і Менскай.

Якую дапамогу малому і сярэдняму бізнесу прапануюць у Беларусі

Адно прадпрыемства – адзін працаўнік

Згодна статыстыцы, колькасць наёмных работнікаў на адно «народжанае» прадпрыемства таксама няўхільна зніжаецца з 2015 г. Калі ў 2015 г. на кожную створаную кампанію прыпадала ў сярэднім 2,37 работніка, то ў 2022 г. – 1,18. Пры гэтым са 104,3 тыс. актыўных прадпрыемстваў у 2022 г. толькі 89,9 тыс. (86,2 %) мелі хаця б аднаго работніка. На год раней доля такіх кампаніяў была вышэйшая – 87,5 %. Двух і больш работнікаў у штаце маюць 61,3 тыс. кампаніяў (58,6 %).

Большасць актыўных кампаніяў, якія паказваюць высокія тэмпы росту на працягу 3–5 гадоў, маюць невялікі штат працаўнікоў: 56,7 % такіх камерцыйных арганізацыяў мелі штат 10–49 чалавек, 36,2 % – 50–249 чалавек і толькі 7,1 % – 250 чалавек і вышэй. Часта па меры росту такія прадпрыемствы ствараюць новыя працоўныя месцы. Таму менавіта яны выступаюць галоўнымі генератарамі эканамічнай актыўнасці і забяспечваюць рост беларускай эканомікі.

23,7 % такіх прадпрыемстваў працуюць у сферы аптовага і рознічнага гандлю, 26,2 % – у прамысловасці, 15,3 % – у сферы ІТ.

Больш за 40 % камерцыйных арганізацыяў маюць у штаце аднаго чалавека ці зусім не маюць працаўнікоў. Гэта дробныя гульцы рынку, сукупны ўклад якіх у стварэнне працоўных месцаў і выніковы ВУП невялікі. То бок беларускі бізнес абыходзіцца мінімальнай колькасцю наёмных работнікаў. Асноўнымі працадаўцамі для беларусаў застаюцца буйныя прадпрыемствы, аднак ім значна складаней дэманстраваць высокія тэмпы росту.

Фіскальны таран плануецца ў падатковай галіне

СП belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны