Адмовілі ў памілаванні, не перадаюць перадачы, адхіляюць хадайніцтвы

«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі і расказваць пра звязаныя з гэтым зʼявы і падзеі.

Палітзняволенай Софʼі Сапезе адмовілі ў памілаванні. Пра адмову 10 студзеня стала вядома ад адваката асуджанай Антона Гашынскага. З моманту завяршэння першага этапу памілавання ў верасні прайшло паўгода. Сапегу затрымалі разам з Раманам Пратасевічам пасля пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску. Яе называюць рэдактарам канала «Чорная кніга Беларусі» і ў маі 2022 прыгаварылі да 6 гадоў калоніі.

Фігурантаў «справы «Чорнай кнігі Беларусі» – Яніну Сазановіч, Дзмітрыя Навошу, Данііла Багдановіча, Вольгу Высоцкую і Валерыю Занямонскую – судзяць завочна. Пракурор просіць для іх па 12 гадоў пазбаўлення волі.

Для палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк не прымаюць перадачы, да яе не даходзяць лісты, а яе заробак у калоніі не дасягае нават рубля. Пра гэта паведамляюць яе родныя. Паліна знаходзіцца ў жаночай Папраўчай калоніі № 24 у Гомельскай вобласці.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу знішчылі пашпарт і карту паляка затрыманага беларуса. Мужчына вярнуўся з Польшчы ў Беларусь, калі яго затрымалі сілавікі і знішчылі ягоныя дакументы.

Расейская сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала старонкі выданняў «Зеркало», «Медиазона. Беларусь», каналу «Белсат» і суполку праваабарончага цэнтру «Вясна» на тэрыторыі Беларусі.

За адзін дзень 6 студзеня ў Беларусі апублікавалі законы аб канфіскацыі маёмасці і аб часовым кіраванні замежнымі кампаніямі, а таксама аб легалізацыі пірацкага кантэнту і ўвозе тавараў без згоды праваўладальніка. На просьбу «Белсату» акты разабрала Марыя Жарылоўская – магістарка права, выкладчыца ЕГУ, праваабаронца, экспертка «Respect-Protect-Fulfill».

У судзе Ленінскага раёну Менску 10 студзеня працягнуўся  разгляд справы супраць праваабаронцаў «Вясны». У пачатку паседжання падсудныя заявілі хадайніцтвы, але суддзя не задаволіла іх, паведамляе крыніца «Белсату».

Вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта асудзілі другі раз, піша «Свабода»Лівянта асудзілі па адміністрацыйным артыкуле і дадалі яму 10 дзён арышту. Першы раз заснавальніка рэпетытарскага цэнтру «100 балаў» затрымалі 28 снежня і асудзілі на 14 дзён арышту за нібыта «дробнае хуліганства».

Сваякі цяперашніх палітычных вязняў і шэраг былых палітзняволеных абвясцілі пра аб’яднанне і выступілі з адкрытым зваротам да сусветнай супольнасці, заклікаўшы рабіць больш рашучыя дзеянні для вызвалення палітвязняў.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон № 24303 ад 5 студзеня, які ўносіць змены ў Закон аб грамадзянстве, ён набывае моц праз шэсць месяцаў пасля публікацыі. Згодна з прынятым законам, пазбаўляць грамадзянства Беларусі змогуць тых, хто атрымаў яго паводле нараджэння.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны