«Беларускі Гаюн» пра інтэнсіўныя перасоўванні войскаў РФ у Беларусі: Ратацыя кантынгенту

Інтэнсіўныя перасоўванні расейскіх войскаў чыгункаю на тэрыторыі Беларусі могуць быць звязаныя з ратацыяй часткі кантынгенту. Пра гэта піша маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». 

Інтэрактыўная мапа вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Здымак экрана. Крыніца: «Беларускі Гаюн» / hajunby.motolko.help

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» 10 студзеня назвала некалькі магчымых прычынаў транспартавай актыўнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі:

«Працягваюцца інтэнсіўныя перасоўванні УС РФ чыгункаю. Характар перамяшчэнняў сведчыць пра перагрупаванне войскаў РФ у РБ, а таксама пра магчымую ратацыю часткі расейскага кантынгенту РФ. Цяпер РФ не назапашвае войскаў ля мяжы з Украінаю».

Паведамляюць, што 9 студзеня працягваліся інтэнсіўныя перамяшчэння тэхнікі УС РФ беларускаю чыгункай. Эшалоны РФ заўважалі на перагоне Менск – Барысаў, а таксама ў Гомлі, Асіповічах і Воршы. У Слоніме адбывалася фармаванне эшалону УС РБ (з тэхнікаю 11-й механізаванай брыгады). Таксама эшалон УС РБ заўважылі ў Берасці. На думку назіральнікаў з маніторынгавай групы, найбольш верагодна, гэта эшалон 103-й паветрана-дэсантнай брыгады.

На аўтамабільных дарогах 9 студзеня буйных калонаў УС РФ не фіксавалася. Адзначаліся калоны да 5 машынаў паміж Баранавічамі і Менскам. Нязначныя перамяшчэнні УС РФ назіраліся ў Гомлі і Менску. Каля Баранавічаў адзначаліся актыўныя перамяшчэнні бензавозаў УС РФ.

«Паводле нашых звестак, бензавозы запраўляюцца на 2657 -й базе гаручых і змазачных матэрыялаў УС РБ (в/ч 55435), і ў далейшым забяспечваюць расейскую групоўку палівам», – паведамляе маніторынгавая група.

Назіральнікі адзначаюць, што пачалі правяраць 4-ы асобны танкавы батальён 19-й механізаванай брыгады. У правяранні бяруць удзел 7-ы інжынерны і 740-ы зенітны ракетны палкі.

Пра змяненне колькасці групоўкі УС РФ у РБ новых звестак пакуль няма.

Апроч таго, паведамляюць, што з 10 студзеня дэталёвая храналогія вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі даступна на онлайн-мапе – hajunby.motolko.help.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны