Дзіўныя справы. У беларускіх медыях мы знайшлі шмат фэйкаў пра мядзведзяў

Апошнім часам у сацсетках з’явілася шмат фота і відэа выпадковых сустрэч з мядзведзем у беларускіх лясах. Мы вырашылі праверыць, ці праўда, што ў нашай краіне мядзведзі ходзяць па вуліцах, і высветлілі, што частка гэтых паведамленняў – фэйкі.

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Мядзведжы фэйк №1

Нашае «мядзведжае» расследаванне пачалося з відэа, дзе мужчына крыкам «Ууухх!» нібыта прагнаў жывёліну ў лес. Відэа было апублікавана 7 ліпеня 2022 года, яго актыўна рэпосцілі незалежныя і рэгіянальныя прадзяржаўныя медыі.

Відэа здалося дзіўным: мы чуем голас мужчыны, але не чуем гукаў лесу, у якім ён знаходзіцца, у прыватнасці, галінак, якія б ламаліся пад цяжарам мядзведзя. З-за ляснога рэха гук мусіў быць чутны на запісе, калі толькі мужчына не ходзіць у грыбы з прафесійным мікрафонам.

Літаральна за 5 хвілін мы высветлілі, што мядзведзь-та зусім не беларускі. Мы зрабілі скрыншот відэа, дзе мядзведзь атрымаўся больш выразным, і карцінку прапусцілі праз пашукавік. Як высветлілася, арыгінал быў зняты ў Ямале 21 ліпеня 2016 года. Мядзведзь спалохаўся не вокрыку мужчыны, а сігналу аўтамабіля. На арыгінальным відэа бачна, што здымалі з акна аўта. На фэйкавай версіі ж выява кадраваная.

Падчас фактчэкінгу мы захавалі спасылку на гэтае відэа 2016 года. Дзіўна, але відэа, якое вісела 6 гадоў, цяпер вырашылі выдаліць. Аднак у інтэрнэце застаўся артыкул і скрыншот гэтага відэа з 2016 года.

Яшчэ нам дапамог карыстальнік, які 5 гадоў таму перазаліў (скраў) сабе відэа  з мядзведзем, якога (як мы ўжо высветлілі) спудзіў не голас мужчыны з Астраўца, а аўтамабільны гудок.

Гэта ж відэа 4 жніўня 2021 года паказалі ў сюжэце расейскага тэлеканалу «Братск» з подпісам «Напаў і траўміраваў. У Усць Удзінскім раёне ляснікі сустрэлі агрэсіўнага мядзведзя».

 

Калегі з Onliner таксама западозрылі нядобрае, летам яны выпусцілі артыкул з загалоўкам «Беларусь запаўняюць мядзведзі ці гэта качка?» Праўда, у якасці аднаго з «доказаў» апублікавалі гэта фэйкавае відэа.

Мядзведжы фэйк №2

Нядаўна АНТ паказалі сюжэт пра мядзведзя на трасе: «У Менску ля праезнай часткі апынуўся мядзведзь. На шчасце, людзям удалося ўцячы ад драпежніка. Разгублены мядзведзь не раз выбягаў на дарогу, але не трапіў пад колы», – гаворыцца ў сюжэце АНТ.

 

Гэта таксама аказалася няпраўдай. Напраўду, мядзведзь трапіў пад колы — звера наўмысна збіў кіроўца аўтобуса, каб выратаваць мужчыну. Праўда, адбылося гэта не ў Беларусі, а ў Расеі – у Ніжнявартаўску, у 2021-м.



АНТ выдалілі свой сюжэт з сацыяльных сетак і ютуба, але яго захавала Зеркало

Мядзведжы фэйк №3

Тэлеграм-канал «Баста» 27 верасня апублікаваў відэа,  знятае з кузава трактара на разбітай лясной дарозе. Аператару пашанцавала зняць двух мядзведзяў, якія б’юцца. Подпіс абвяшчаў: «Уу Бялыніцкім раёне трактарыст сустрэў парачку мядзведзяў. Відэа знятае ў вёсцы Карытніца за 60 км ад Магілёва».

Калегі з «Баста» не любяць падпісваць першакрыніцу, але мы яе знайшлі, выкарыстоўваючы іх спасылку. Мяркуючы з дрэннай якасці малюнка, відэа перазалілі.



Пошук па малюнку паказаў што знята яно было летам 2022 года. Прычым, адначасова і ў Цвярской вобласці Расеі, і ў Архангельскай у Северадзвінску, і ва Уфе на Сахаліне і нават Башкірыі і ў беларускім Талачыне.

Мядзведжы фэйк №4

У канцы жніўня ў беларускіх медыях апублікавалі відэа, на якім мядзведзь спрытна пералазіць праз плот і паведамляецца, што пералазіць ён «з боку Польшчы, праз пабудаваны польскімі службамі плот, карыстаючыся бязвізавым перасячэннем мяжы».

Мы былі вельмі ўважлівыя да ўсіх відэа з удзелам мядзведзяў, таму гэта мы таксама знайшлі. Яно было апублікаванае расейскім выданнем «Сводки з фронтов» з загалоўкам «Расейскі шпіён на польскай мяжы», – гэта і падхапілі і іншыя выданні.

Відэа можна было паглядзець па гэтай спасылцы, але цяпер яно не дасяжнае. Мы ўжо былі навучаны і працягнулі шукаць. Нашы намаганні былі ўзнагароджаныя – аказалася, што відэа знятае ў ЗША ў Фларыдзе тэлеканалам  FOX 35 Orlando. Мядзведзь пералазіць праз плот на базе ВПС. Калі ж прасачыць гэты ланцужок да канца, то высветліцца, што сапраўдным аўтарам відэа з’яўляецца Кевін Далрымпл. Відэа ён размясціў 10 жніўня ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

Мядзведжы фэйк №5

На сайце «Планета Беларусь» мы знайшлі артыкул ад 1 верасня 2022 года «Колькі ў Беларусі мядзведзяў? Ці ўяўляюць яны небяспеку для чалавека?»

Там сабраныя ўсе выпадкі сустрэчаў чалавека з мядзведзем у Беларусі за апошні час. У тым ліку там ёсць відэа «Мядзведзі загналі рыбакоў на дрэвы і парвалі іх гумовыя чоўны. Крупскі раён», якое сайт заліў сабе на YouTube-канал.

Тое ж відэа, толькі з арыгінальнай і вельмі нецэнзурнай агучкай мы знайшлі на канале «K V A», апублікаванае 3 гады таму. 3 сакавіка 2020 года расейскія «РИА новости» апублікавалі навіну аб тым, што відэа было знята ў Хабараўску.

Праўда, гэта не значыць, што ўся інфармацыя пра мядзведзяў у Беларусі – фэйкі. Напрыклад, у нас няма падстаў не давяраць рэпартажу аматара фотапалявання з вёскі Хаценчыцы, які здымае ў тым ліку і мядзведзяў.

Паводле Міністэрства прыродных рэсурсаў, у Беларусі ў 2021 годзе было 580 асобін мядзведзяў, што ў 5 разоў перавышае іх колькасць, якая назіралася ў апошнія 100 гадоў.

Мы падумалі, што за любоўю да мядзведжых фэйкаў стаіць не толькі тое, што іх сапраўды стала больш, таму папрасілі пракаментаваць гэтыя факты медыяэксперта, аналітыка праекту Media-IQ і журналіст Паўлюка Быкоўскага. Ніякага таемнага намеру, акрамя імкнення зарабіць трафік, эксперт не ўбачыў.

«Хутчэй за ўсё, такія гісторыі звязаныя з тым, каб зарабіць трафік або прагляды. Патрэбны забаўляльны кантэнт, які закране людзей. Такога роду вірусныя відэа, якія вы знайшлі – людзей чапляюць.

Далей узнікае пытанне: ці можа рэдакцыя распаўсюджваць такія фэйкі, кажучы, што гэта адбываецца ў Беларусі і тычыцца нашага жыцця?

Да пэўнага моманту ніводнае медыя не хацела быць злоўленымі на хлусні, але пасля крызісу 20 года, калі шмат у чым былі скінутыя маскі, стала ўсё роўна. Іх аўдыторыя, імаверна, і не даведаецца, што гэта былі фэйкі. Даследаванні паказваюць, што лаяльная тэлеаўдыторыя будзе глядзець гэты тэлеканал, і не даведаецца з іншых крыніц, што гэта была няпраўда.

Расейскаму тэлебачанню гэта ўжо было ўласціва раней, такога роду змены ў іх адбыліся некалькі раней», – сказаў нам Паўлюк Быкоўскі.

Аліса Ганчар /ММ belsat.eu

Тэгі: фэйкі
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны