Памежны камітэт Беларусі адрэагаваў на рашэнне Польшчы закрыць пераход у Баброўніках

У Памежным камітэце лічаць, што пасля закрыцця пункту пропуску «Баброўнікі» на мяжы «сітуацыя стане катастрафічнай і можа прывесці да калапсу ў памежжы», бо нагрузка на два астатнія пункты пропуску крытычна ўзрасце.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» пасля абвяшчэння пра яго закрыццё. Баброўнікі, Польшча. 9 лютага 2023 года. Фота: Карына Пашко / Белсат.

«Беларускі бок не бачыць аб’ектыўных прычынаў для закрыцця пункта пропуску, а даная падстава [пагроза нацыянальнай бяспецы Польшчы] не адпавядае рэчаіснасці з прычыны адсутнасці пагрозы з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – заявілі ў ведамстве.

Беларускі бок таксама скардзіцца, што грамадзяне Польшчы, якія прыбываюць у Беларусь паводле бязвізавага рэжыму, змогуць заязджаць толькі праз пункт пропуску «Тэрэспаль».

Акрамя таго, у беларускім Памежным камітэце заявілі, што рашэнне польскага боку закрыць яшчэ адзін канал міжнародных зносінаў у рэальнасці скіраванае на «далейшае абвастрэнне сітуацыі на мяжы і абмежаванне ўзаемных паездак грамадзянаў».

Нагадаем: 9 лютага польскі міністр унутраных справаў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі заявіў, што Польшча прыпыняе працу пункту пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю «дзеля важных інтарэсаў дзяржаўнай бяспекі». З беларускага боку на гэтым пераходзе месціцца пункт пропуску «Бераставіца».

Цяпер на беларуска-польскай мяжы застанецца толькі адзін пераход у Берасцейскай вобласці з пунктам пропуску «Берасце» і пункт пропуску «Казловічы» для грузавых аўтамабіляў. Яшчэ адзін пераход «Брузгі – Кузніца» ў Гарадзенскай вобласці не працуе з восені 2021 года.

Абмен «Баброўнікаў» на Пачобута. Ці прымусіць Польшча рэжым вызваліць палітвязня?

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны