Еўразвяз даў яшчэ € 1 млн на падтрымку беларускага бізнесу за мяжою

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) паведаміла аб запуску разам з Еўрапейскім звязам праекту ў межах праграмы «EU4Belarus» дзеля падтрымкі беларускіх бізнесоўцаў у эміграцыі. На праект Еўразвяз вылучыў мільён еўра.

Прадстаўнікі ABBA і Еўразвязу на прэзентацыі праграмы ў межах праекту «EU4Belarus». Варшава, Польшча. 8 сакавіка 2023 года. Фота: Association of Belarusian Business Abroad / Facebook

Праект прадугледжвае «працу з патрэбамі сумленных беларускіх прадпрымальнікаў і прадпрымальніц за мяжою», расказвае ABBA. Праграма мае стаць працягам працы ў фармаванні гарантыйнага фонду, каб беларускі бізнес атрымаў доступ да крэдытнага фінансавання ў еўрапейскіх фінансавых установах.

Таксама праграма прадугледжвае правядзенне чатырох конкурсаў бізнесаў, чатырох бізнес-форумаў і ўдзелаў у выставах, закладвае кансалтынгавую падтрымку, абяцае адукацыйныя візіты і вывучэнне патрэбаў бізнесу.

Праект будуць рэалізоўваць разам з Польскай гандлёвай палатай (KIG), Літоўскай бізнес-канфедэрацыяй (LBC), Цэнтрам сацыяльных і эканамічных даследаванняў (CASE). ABBA абяцае беларускім бізнесоўцам, што стане калектыўным голасам пры супрацы з мясцовымі ўладамі, а таксама банкаўскімі ўстановамі Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Праграму «EU4Belarus» запусцілі яшчэ ў снежні 2020 года. Еўразвяз хацеў падтрымаць народ Беларусі і грамадзянскую супольнасць, малы і сярэдні бізнес. Тады Еўракамісія вылучыла € 24 млн на гэты пакет падтрымкі – амаль палову ад тых € 53 млн, вылучэнне якіх анансавала ў жніўні-2020.

Як ABBA дапамагае беларускаму бізнесу за мяжой

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны