Сі Цзінь Пін пайшоў на рэкорд. Яго пераабралі на трэці тэрмін старшыні КНР

10 сакавіка Сі Цзінь Пін аднагалосна быў пераабраны старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі і старшынём Цэнтральнай вайсковай камісіі КНР. Такое рашэнне прыняў Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў, перадае «Сінь-Хўа».

Пераабранне Сі Цзінь Піна старшынём КНР. Фота: Синьхуа

Сі Цзінь Пін абраны старшынём КНР ужо трэці раз запар. Дагэтуль ніводзін з кіраўнікоў краіны не займаў гэтай пасады больш за два разы. Упершыню Сі Цзінь Піна абралі старшынём краіны ў 2013 годзе. Тады ж ён заняў і пасаду старшыні Цэнтральнай вайсковай камісіі КНР.

Апроч таго, Сі Цзінь Пін з 2012 года ёсць генеральным сакратаром Камуністычнай партыі Кітаю і старшынём Вайсковай камісіі ЦК КПК.

Сі Цзінь Пін пераабраўся на новы тэрмін, а ў кіраўніцтва Палітбюро ўвайшлі толькі ягоныя прыхільнікі

Як адзначае «Reuters», Сі Цзінь Пін захаваў пазіцыі самага магутнага кіраўніка краіны з часоў Маў Цзэ Дуна. Паводле Ўілі Лэма, эксперта Джэймзтаўнскага фонду, кітайскі лідар мае поўны кантроль над Палітбюро і ЦК, ніякага стрымлівання і процівагі ў кіраўніцтве Кітаю не будзе.

Бі-Бі-Сі называе пераабранне кітайскага лідара беспрэцэдэнтным. Да Сі Цзінь Піна, з часу Дэн Сяў Піна, у Кітаі дзеяла абмежаванне – два тэрміны на пасадзе генеральнага сакратара. Але ў 2018 годзе яно з ініцыятывы цяперашняга лідара краіны было скасаванае.

Падчас пераабрання Сі Цзінь Піна ў 2022 годзе генеральным сакратаром КПК з залы вывелі 79-гадовага былога генеральнага сакратара кампартыі Ху Цзінь Таў. Прычыны гэтага невядомыя. Мяркуючы з відэа, просьба пакінуць залу была для былога кіраўніка Кітаю нечаканасцю, і ён не хацеў сыходзіць. Таму яго вывелі, фактычна ўзяўшы пад рукі. Ху Цзінь Таў узначальваў Кітай з 2003 да 2013 года і перадаў уладу якраз Сі Цзінь Піну, пасля чаго зрабіўся апанентам цяперашняга кіраўніка.

Сі Цзінь Пін ідзе на новы тэрмін. Апанентаў выводзяць проста са з’езду Кампартыі

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны