Беларуская асацыяцыя журналістаў адрэагавала на абвінавачанні журналіста Змітра Панкаўца ў хатнім гвалце. Аб’яднанне падкрэслівае, што Панкавец ніколі не быў кіраўніком Камісіі ў справе этыкі, а таксама БАЖ рашуча асуджае хатні гвалт.
«Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць неабходным пракаментаваць сітуацыю адносна публікацыі абвінавачанняў у хатнім гвалце з боку Змітра Панкаўца:
БАЖ падкрэслівае, што Зміцер Панкавец ніколі не быў старшынёй Камісіі па этыцы БАЖ. Зміцер Панкавец не атрымліваў і не мог атрымліваць такую прапанову ад кіраўніцтва БАЖ, бо сябры камісіі абіраюцца выключна з’ездам БАЖ, а старшыня камісіі – выключна сябрамі самой камісіі. Гэта прапісана ў Статуце БАЖ.
Камісія па этыцы БАЖ вымушана спыніла сваю працу ў 2021 годзе ў сувязі з юрыдычнай ліквідацыяй арганізацыі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў рашуча асуджае любы хатні гвалт і разлічвае на ўсебаковае расследаванне агучаных інцыдэнтаў».
Пры гэтым Панкавец быў чальцом этычнай камісіі пры БАЖ, хоць і не кіраваў ёю.
Ганна Клімовіч, былая жонка Панкаўца, сцвярджае, што рэгулярна сутыкалася з хатнім гвалтам з боку журналіста: ён збіваў яе, звешваў з гаўбца на чацвёртым паверсе, абражаў, пагражаў. Панкавец назваў гэта «поўным паклёпам і хлуснёю».
Арсен Рудэнка belsat.eu