У Польшчы перахапілі кантрабанду цыгарэт з Беларусі, якую адправілі на паветраным шары

Кантрабандысты з Беларусі адправілі ў Польшчу партыю цыгарэт на спецыяльным паветраным шары. Нелегальны тавар быў знойдзены памежнай службай 8 сакавіка недалёка ад вёскі Мінкоўцы, паведамляе Polskie Radio Białystok.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-беларуская мяжа. Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Прэс-сакратар Падляскага памежнага атраду Катажына Здановіч пацвердзіла, што інцыдэнт з шарам – гэта была спроба кантрабанды цыгарэт у Польшчу. Яна таксама адзначыла, што дэталі будуць вядомыя 11 сакавіка.

Пакуль інфармацыі пра тое, наколькі буйной была партыя кантрабанды і ці былі падобныя выпадкі раней, няма.

Кантрабанда цыгарэт – звычайная справа на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ. У канцы лютага польскія мытнікі выявілі партыю цыгарэт з 241 тысяч пачкаў. Кантрабанду ацанілі ў мільён долараў. Цыгарэты былі схаваныя ў грузавым цягніку.

Таксама ў Польшчы праходзіць суд над 17 фігурантамі крымінальнай справы аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі. Следства сцвярджае, што цыгарэты нелегальна завозілі з Беларусі ў Польшчу ў 2017-2018 гадах. Сярод абвінавачаных палякі і беларусы. Ім пагражае ад аднаго да трох гадоў пазбаўлення волі.

У Польшчы пракуратура запатрабавала да трох гадоў турмы фігурантам справы аб кантрабандзе з Беларусі

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны