Сейм Літвы прызнаў Расею тэрарыстычнай дзяржавай

Сейм Літвы прызнаў Расейскую Федэрацыю тэрарыстычнай арганізацыяй, а дзеянні расейскіх войскаў ва Украіне – генацыдам. За адпаведную рэзалюцыю Сейм прагаласаваў аднагалосна. Партал «Delfi.lt» паведамляе, што 128 парламентарыяў прагаласавалі «за».

Паседжанне Сейму Літвы. Фота: Delfi

Рэзалюцыя літоўскага Сейму адзначае, што крамлёўскі рэжым імкнецца знішчыць украінскую нацыю, таму такія дзеянні мусяць быць прызнаныя генацыдам, а Расея – дзяржавай, што падтрымлівае і ажыццяўляе тэрарызм.

Сейм канстатаваў, што расейскія ўзброеныя сілы здзейснілі масавыя ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны, у прыватнасці ў гарадах Буча, Ірпінь, Марыупаль, Барадзянка і Гастомэль. Згодна з дакументам, расейская вайсковая актыўнасць мела мэту поўнага або частковага знішчэння ўкраінскай нацыі шляхам забойства яе прадстаўнікоў цэлымі семʼямі, у тым ліку дзяцей. Расейскія вайскоўцы здзяйснялі выкраданні, катаванні, згвалтаванні.

«Сейм Літвы прызнае поўнамаштабную ўзброеную агрэсію супраць Украіны з боку узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі і яе палітычнага ды ваеннага кіраўніцтва, распачатую 24 лютага 2022 года, генацыдам украінскага народу», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны

У дакуменце таксама адзначылі, што ўсе вінаватыя мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці, а міжнародная супольнасць мусіць стварыць адмысловы міжнародны крымінальны трыбунал для расследавання і ацэнкі агрэсіі Расеі супраць суверэннай Украіны. Сейм Літвы заклікаў да таго, каб гэты трыбунал меў паўнамоцтвы выдаваць міжнародныя ордары на арышт – і каб у такіх справах не было імунітэту недатыкальнасці дзяржавы ці кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў.

«Расейская Федэрацыя, узброеныя сілы якой свядома і сістэматычна знішчаюць цывільныя абʼекты, ёсць дзяржавай, што падтрымлівае і ажыццяўляе тэрарызм», – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Вайна, якая пачалася 24 лютага, прывяла да смерці тысяч мірных жыхароў, разбурэння цывільнай інфраструктуры.

«Reuters»: «Кадыраўцы, Нацгвардыя і пскоўскія дэсантнікі адказныя за зверствы ў Бучы»

ЗХ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны