Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева 10 дзён была ў санчастцы з пнеўманіяй

Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева ў калоніі перахварэла на пнеўманію. Пра гэта ў Facebook паведаміў ейны муж Ігар Ільяш.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Паводле яго, у канцы красавіка журналістка была шпіталізаваная ў санчастцы калоніі на дзесяць дзён.

«На шчасце, пнеўманія была не вялікая, а ачаговая. Лекары своечасова дыягнаставалі хваробу і вельмі адказна паставіліся да лячэння. Каця ачуняла і на мінулым тыдні яе выпісалі з санчасткі», – адзначыў муж палітзняволенай.

Больш чым кнігі і шнарыкі на сэрцы: што чытае ў няволі журналістка Кацярына Андрэева

Перад тым як захварэць на пнеўманію, Кацярына Андрэева перанесла моцны прыступ сезоннай алергіі. У зняволенні ў яе абвастрылася алергія: прыступы становяцца значна больш пакутлівымі, а спіс алергенаў – шырэйшым.

«У пачатку красавіка алергічны ацёк прыйшлося здымаць пры дапамозе ўколаў (спачатку ўнутрымышачна, а потым унутрывенна), бо Каця зусім не магла дыхаць праз нос», – напісаў Ігар Ільяш.

Агулам за амаль што 3,5 гады зняволення праз агульнае аслабленне арганізму журналістка стала часцей хварэць на прастуды і пакутаваць ад галаўных боляў, у яе прыкметна пагоршыўся зрок.

Кацю затрымалі 15 лістапада 2020 года. Спачатку яе асудзілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Аднак у ліпені 2022 года адбыўся новы працэс – паводле артыкулу «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Гомельскі абласны суд агучыў вырак: 8 гадоў 3 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

«Сняжынка ў пекле». Кацярына Андрэева адзначае дзень нараджэння за кратамі, ёй 30 гадоў

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны