Украінка на заездзе ў Беларусь страціла 26 тысяч долараў

Мінаючы польска-беларускую мяжу аўтобусам, грамадзянка Украіны везла з сабой буйную суму грошай. Але правезці іх ёй не ўдалося: у жанчыны канфіскавалі суму пасля таго, як яна пайшла праз зялёны канал. Украінка была не супраць іх задэклараваць, толькі не ведала як, піша «Зеркало».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: zakordon.24tv.ua

Пра гэтую справу стала вядома з пастановы суда Маскоўскага раёну Берасця, дзе адбываўся суд над жанчынай.

У пачатку 2024 года жанчына прадала на радзіме дом і аўтамабіль і ў лютым з грашыма вярталася да свайго мужа праз Беларусь (раней сужэнцы выехалі з тэрыторыі Украіны да сваякоў). З сабою ўкраінка везла ўсе грошы, якія назбірала сям’я і якія ўдалося выручыць за продаж нерухомасці і машыны – усяго 25 735 долараў, 375 еўраў, 2600 расейскіх рублёў, 5 беларускіх рублёў і 11 грыўняў, што роўна амаль 26,2 тыс. долараў.

Падчас мінання мяжы ўкраінка пайшла разам з іншымі пасажырамі зялёным калідорам. Да жанчыны падышоў мытнік і запытаўся, ці вязе яна грошы. Тая адказала станоўча і паказала суму. Жанчыну адвялі ўбок, пералічылі грошы і канфіскавалі іх, склаўшы пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 15.5 КаАП аб недэклараванні грашовых сродкаў.

На суд, што адбыўся 28 сакавіка 2024 года, жанчына не прыйшла, ейныя інтарэсы прадстаўляў адвакат. Ён прывёў тлумачэнні жанчыны пра тое, што яна другі раз у жыцці заязджала ў Беларусь, з грашыма – увогуле ўпершыню. Яна не ведала парадку дэкларавання, але не хавала, што мела з сабой вялікую суму.

На судзе мытнікі заявілі, што, пераступіўшы рысу зялёнага калідора, жанчына фактычна заявіла пра адсутнасць тавараў і грошай, якія трэба дэклараваць. Да гэтага, маўляў, у яе была магчымасць азнаёміцца з інфармацыйнымі стэндамі перад мытным пастом, а з пытаннем наконт парадку дэкларавання яна магла звярнуцца да мытніка яшчэ да таго, як прайшла рысу зялёнага калідору. Відэафайлы, вынятыя з камераў мытні, на якіх мусіла быць зафіксаванае правапарушэнне, у судзе не адкрыліся, што не стала перашкодаю для суддзі.

У выніку суд прыйшоў да высновы, што ўкраінка вінаватая ў правапарушэнні, і прызначыў ёй штраф 5 базавых велічыняў (200 рублёў), а таксама канфіскаваў усю незадэклараваную суму грошай. Пры гэтым, як адзначае выданне, ч. 2 арт. 15.5 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу як з канфіскацыяй незадэклараваных сродкаў, так і без яе. Тым не менш суддзя пастанавіла пакінуць украінку без усіх зберажэнняў сям’і.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны