Замаразкі, моцны вецер, снег і магнітныя буры. Што чакае беларусаў на вялікія выходныя

З суботы 11 траўня па аўторак 14 траўня беларусаў чакаюць вялікія выходныя. Аднак надвор’е ў гэтыя дні будзе не такім ужо і добрым.

Будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэту. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года. Фота: Белсат

Белгідрамет выпусціў папярэджанне, згодна з якім удзень 11 траўня месцамі па Беларусі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі 15-18 м/с. Агулам будзе воблачнае з праясненнямі надвор’е. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымыя навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах краіны будзе згушчацца слабы туман. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад +1°С па паўночным захадзе да +9°С па поўдні краіны, максімальная днём +10..+16°С. Атмасферны ціск будзе слаба расці.

12 траўня чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў, толькі раніцай і ўдзень ва ўсходніх раёнах месцамі магчымыя невялікія кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Вецер умераны, удзень па ўсходзе краіны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +1..+5°С, месцамі чакаюцца замаразкі 0..-3°С; тэмпература паветра максімальная ўдзень ад +9°С па паўночным усходзе да +18°С па паўднёвым захадзе краіны.

13 траўня прагназуецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Вецер умераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +1..+6°С, месцамі, а па паўночным усходзе ў многіх раёнах замаразкі чакаюцца 0..-3°С; тэмпература паветра максімальная ўдзень +11..+17°С, па паўднёвым захадзе краіны да +19°С.

Моцныя магнітныя буры

Таксама з прычыны моцнай успышкі на сонцы ў ноч на 11 траўня і цягам трох наступных дзён Зямля трапіць у моцную геамагнітную буру, якая будзе самай моцнай за апошнія 20 гадоў. Як адзначае ў сваім блогу беларускі даследчык Сяргей Бесараб, гэта стварае пагрозу для тэхнічных сістэм, энергетычнай сеткі, сувязі, спадарожнікаў і GPS. А таксама для жывых істотаў, якія выкарыстоўваюць магнітнае поле для навігацыі: пчолаў, мурашак, тэрмітаў, птушак, кажаноў, жабаў, трытонаў, чарапах, акулаў, ласасёвых.

«У чалавека змена магнітнага поля змяняе альфа-рытм мозгу. Рытм галаўнога мозгу, які найбольшую амплітуду мае ў стане спакойнага няспання, асабліва пры заплюшчаны вачах у прыцемненым памяшканні. Гэты рытм блакуецца ці саслабляецца пры павышэнні глядзельнай увагі або разумовай актыўнасці. Г.зн. пошукавая інтэлектуальная актыўнасць – гэта таксама ўмоўная абарона ад геамагнітнага шторму», – піша даследнік.

Ён адзначае, што часцей за ўсё ўплыў геамагнітных бур на здароўе звязваецца з эфектамі на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэму. У магнітаадчувальных людзей могуць назірацца скокі артэрыяльнага ціску, сардэчныя арытміі (павялічваецца колькасць інфарктаў міякарда), магчымае пачашчэнне эпілептычнага прыпадку. У дні максімальнай актыўнасці магчыма пагаршэнне сну, павышэнне трывожнасці / нервознасці, галаўныя болі, абвастрэнні ў людзей з псіхіятрычнымі захворваннямі.

Таму даследчык раіць не лятаць у гэтыя дні самалётамі, не паднімацца ў горы, трымацца далей ад тэхнічных сістэм, якія могуць псавацца праз сонечную ўспышку, а таксама трымаць пад рукой важныя медычныя прэпараты, асабліва людзям з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, эпілептыкам.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны