Жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка стаў вядомым на ўсю Беларусь тры гады таму, калі распачаў збор сродкаў на ўсталяванне бюсту пісьменніка Алеся Адамовіча. Праект атрымалася паспяхова рэалізаваць, у лістападзе 2019 году помнік быў адкрыты. А менш чым праз год Андруся разам з маці судзілі за ўдзел у паслявыбарчых мітынгах. У лютым 2021 году бабруец быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Але і ў эміграцыі актывіст не кідае культурніцкай працы – цяпер збірае экспанаты для будучага Музею вольнай Беларусі.
Андрусю Архіпенка сёлета споўніўся 31 год. У бабруйца – шматгадовы стаж палітычнага актывізму. Маладзён некалі быў сябрам руху «Гавары праўду». У 2016 годзе ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах. Менавіта тыя выбары падштурхнулі бабруйца да культурніцкага актывізму – тады Андрусь пабываў на малой радзіме Алеся Адамовіча – у вёсцы Глуша Бабруйскага раёну. Там пазнаёміўся са сваёй канкурэнткай на выбарах старшынёй Глушанскага сельсавету Марыяй Сушчанка. Чыноўніца падзялілася з Андрусём марай – паставіць у Глушы помнік Алесю Адамовічу. Актывіст тады падумаў – а чаму не? І распачаў збор подпісаў, а затым і грошай на помнік.
Разам з камандай аднадумцаў Андрусь здолеў прыцягнуць увагу да ідэі. На помнік ахвяравалі сродкі заснавальнік парталу TUT.BY Юрый Зісер, нобэлеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч. Сам бюст вырабіў скульптар Гэнік Лойка. 9 лістапада 2019 году помнік быў урачыста адкрыты.
Яшчэ да ўсталявання бюсту, у 2018 годзе, Андрусь разам з камандай рэалізаваў праект «Прыпынак Адамовіча» – там жа, у Глушы, звычайны аўтобусны прыпынак быў ператвораны ў арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку. Акрамя, каманда Андруся выйграла ў конкурсе «Social weekend» з праектам «Глуша Адамовіча», у рамках якога была праведзеная тэатралізаваная экскурсія па творах Адамовіча.
У далейшых планах Андруся Архіпенкі было адкрыццё ў Глушы музею Алеся Адамовіча. Актывіст з настальгіяй узгадвае тыя часы, зазначае, што рады, што паспеў тады ўсталяваць помнік, бо сёння рэалізацыя такога праекту была б немагчымай – палітычны падтэкст знайшлі б у любым выпадку. А займацца музеем Адамовіча цяпер у Беларусі Андрусь лічыць увогуле блюзнерствам.
– Сёння рабіць музей – гэта тое самае, што ачарніць імя Адамовіча, – кажа актывіст. – Я ўпэўнены, што ён сам не прабачыў бы, што нехта адкрывае музей у ягоны гонар, у той час як краіну ператвараюць у канцлагер, а людзей заганяюць у рабства. Нам спачатку трэба вызваліць Беларусь, а потым адкрываць музеі.
Андрусь марыць пра той час, калі зможа вярнуцца ў Беларусь і з набытым у Польшчы досведам далей займацца ўшанаваннем памяці Алеся Адамовіча.
У Польшчу Андрусь з’ехаў, бо баяўся крымінальнага пераследу. Падчас выбарчай кампаніі-2020 маладзён быў каардынатарам па зборы подпісаў за Валерыя Цапкалу ў Бабруйску. Разам з маці-пенсіянеркай актывіст сам збіраў подпісы, а таксама хадзіў на мітынгі і акцыі салідарнасці. У верасні маці з сынам затрымалі, судзілі і аштрафавалі на 20 базавых кожнага.
Пасля суду Андрусю на працу прыйшла «паперка», каб з ім правялі выхаваўчую працу (маладзён быў тады афіцыянтам у Менску).
– Калегі і кіраўніцтва, на шчасце, усе ўсё разумелі. І галасавалі ўсе за Ціханоўскую, – кажа Андрусь.
Бабруец працягнуў спакойна працаваць, але адчуваць сябе ў бяспецы ў Беларусі больш не мог.
– Калі пачалі прыходзіць да зборшчыкаў подпісаў, да назіральнікаў, я зразумеў, што ёсць вялікая верагоднасць, што прыйдуць і да мяне – былі даволі сур’ёзныя званочкі пра гэта, – кажа Андрусь. – Тады я пачаў шукаць шляхі «эвакуацыі», падаў дакументы на праграму Каліноўскага.
6 лютага Андрусь вылецеў у Варшаву. Сродкаў не было, грошы на квіток давялося пазычыць у сябра. Андрусь разлічваў, што, калі прыедзе, будзе атрымліваць стыпендыю, але выйшла затрымка. Маладзёну было вельмі цяжка ў фінансавым плане. Давялося эканоміць на ўсім і прасіць людзей аб дапамозе.
Пакрысе атрымалася наладзіць побыт. Андрусь пачаў вывучаць польскую мову. Напачатку ліпеня здаў экзамен – цяпер чакае на вынік і сертыфікат, які разам з іншымі дакументамі будзе падаваць у польскую ВНУ. Вучыцца Андрусь будзе ў тым універсітэце, куды пройдзе. Пакуль што разглядае навучальныя ўстановы ў Варшаве, Гданьску, Любліне ці Познані. Вывучаць актывіст хоча паліталогію ці гісторыю – тое, што, як Андрусь упэўнены, дапаможа некалі адбудоўваць новую Беларусь.
Бабруец кажа, што вельмі сумуе па радзіме, але прыехаць дамоў пакуль не можа нават на пару дзён – упэўнены, што гэта можа быць небяспечным для яго.
– Я сумую па радзіме, але тут, у Польшчы, адчуваю сябе ў бяспецы, не пужаюся кожнага буса, які праязджае міма, што зараз ён спыніцца і мяне забяруць, – кажа маладзён. – У менскіх актывістаў пэўныя службы распытваюць пра мяне, да таго ж, я пастаянна тут удзельнічаю ў акцыях – засвяціўся ўжо. Таму я тут, бо ў турму не хочацца, я лічу, што на волі магу зрабіць нашмат больш карыснага.
Андрусь зазначае, што ўдзельнічае ў акцыях беларускай дыяспары, каб прыцягнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў да таго, што адбываецца ў Беларусі.
– Шмат хто кажа, што добра быць смелым там, дзе табе нічога не пагражае, і што нашыя выхады са сцягамі ў той жа Варшаве не маюць сэнсу. Але мы такім чынам заўсёды ўтрымліваем тэму Беларусі ў еўрапейскай павестцы дня, – зазначае актывіст.
Андрусь актыўна ўдзельнічаў у перакрыцці мяжы ў Баброўніках у чэрвені.
– Мне было дзіўна бачыць, што паліцыя нас ахоўвала, а не збівала, – дзеліцца Андрусь уражаннямі ад акцыі на мяжы. – Дагэтуль не магу прызвычаіцца, што паліцыя – не карны орган. Мясцовыя жыхары добра да нас ставіліся. Адзін мясцовы жыхар дазволіў нам паставіць намёты на сваёй тэрыторыі. Нас запрашалі ў дамы памыцца, размаўлялі з намі, казалі, што яны за нас.
Андрусь кажа, што і ў Варшаве бачыць добрае стаўленне палякаў да беларусаў, прынамсі, ён не сутыкаўся з негатывам, а толькі з гатоўнасцю дапамагчы.
Андрусь не збіраецца заставацца ў Польшчы на ўсё жыццё, і ўпэўнены, што вернецца ў Беларусь як толькі будзе дазваляць палітычная сітуацыя. У Бабруйску ў актывіста засталася сям’я: мама, хворы бацька, брат, які раней працаваў у Расеі, але з-за каронавірусу быў вымушаны вярнуцца, і цяпер думае таксама ехаць у Польшчу.
– Пакуль добра, што брат удома, бо дапамагае маме даглядаць тату, – кажа Андрусь. – Мама вельмі сумуе па мне, бо я ж раней прыязджаў кожныя выходныя дамоў, а цяпер мы не бачыліся ўжо пяць месяцаў. Але, хоць і сумуе, рада, што я тут у бяспецы.
Андрусь кажа, што рашэнне з’ехаць далося яму няпроста, і калі б не пагроза крымінальнага пераследу, ён ніколі б не эміграваў.
– Мне было вельмі шкада ўсё кінуць, – кажа бабруец. – У Беларусі ў мяне было імя, я мог нешта зрабіць, а тут я – ніхто, не ведаю, каму і чым магу дапамагчы, а хутчэй – сам патрабую дапамогі. Я спрабую дапамагаць беларускім праектам сваім досведам і ведамі, наладжваць кантакты з польскімі арганізацыямі, звязваць іх з беларусамі. Але гэта вельмі складана для тых праектаў, што ў Беларусі, бо ўсе няўрадавыя ініцыятывы як пад мікраскопам, нават калі яны і непалітычныя.
Андрусь Архіпенка не пакінуў свайго захаплення беларускай культурай і музейнай справай і ў Варшаве. Цяпер бабруец дапамагае Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню ствараць Музей вольнай Беларусі – уваходзіць у працоўную групу.
Андрусь збірае экспанаты для будучага музею.
– У экспазіцыі будуць такія рэчы, як плакаты з акцыяў, майку вось перадалі нядаўна з жылога комплексу «Каскад», з іншых раёнаў – кубкі са сцягам раёну, – распавядае Андрусь. – Лісты палітвязняў збіраем. Ёсць дзённік хлопца, якога затрымалі ў мінулым жніўні і асудзілі на 15 содняў. У яго атрымалася цягам гэтага часу весці дзённік, ён апісваў што адбывалася, маляваў. Гэта цяпер наш экспанат.
Сярод экспанатаў – світшот Рамана Руткоўскага – хлопца, якому збегчы ад АМАПу дапамог кіроўца «Яндэкс»-таксі. У гэтым світшоце Раман быў падчас тых уцёкаў, якія трапілі на відэа і хутка сталі папулярнымі. Журналістка з Нідэрландаў, якая была параненая ноччу з 9 на 10 жніўня, гатовая перадаць свае красоўкі са слядамі крыві.
Цяпер НАУ вядзе перамовы з польскімі ўладамі наконт пляцоўкі для музею ў Польшчы.
– Але калі мы пераможам, то перавязем музей у Беларусь, – кажа Андрусь.
Ідэя стварэння музею, паводле Андруся, адначасова нарадзілася шмат у якіх людзей. Сам Андрусь падумаў пра тое, чаму б не ўвекавечыць памяць пра барацьбу за вольную Беларусь на акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі.
– Там было шмат шчырых плакатаў, малюнкаў, кветкі, знічы, і я падумаў, што гэта трэба захаваць, гэта не павінна знікнуць, – распавядае Андрусь. – І шмат хто пра гэта ж падумаў, бо калі я прапанаваў НАУ заняцца такім музеем, яны адразу адгукнуліся. Людзі сталі паралельна збіраць рэчы – і ў Польшчы, і ў Беларусі. Фонд будзе падзелены на дзве часткі – з Беларусі, хутчэй за ўсё, не будзем вывозіць экспанаты, бо потым іх будзе не так проста вяртаць назад.
Усе прадметы, паводле Андруся, будуць аблічбоўвацца для анлайн-версіі музею.
Андрусь лічыць, што ў будучыні гэты музей мусіць размясціцца каля Стэлы – на тым месцы, з якога і пачалася барацьба за Беларусь 9 жніўня 2020 году.
– Стэла стала ўжо гістарычнай, гэтак жа, як Плошча Перамен, Пушкінская і іншыя, – кажа Андрусь. – У Палацы незалежнасці я такі музей не бачу. На Акрэсціна мог бы быць філіял, які б распавядаў пра катаванні рэжыму.
Калі ж замест ЦІПу на Акрэсціна будзе музей, Андрусь прагназаваць не бярэцца. Аптымізму наконт таго, што ўжо ў бліжэйшыя месяцы сітуацыя ў краіне зменіцца да лепшага, у бабруйца няма.
– Гэта не месяцаў пытанне дакладна, магчыма, спатрэбяцца гады, але ў тым, што ўсё зменіцца да лепшага, я не сумняюся, – кажа Андрусь. – Сёння ў людзей шмат страху, на тое, каб ён знік, патрэбны час. Ды і досвед іншых краінаў паказвае, што барацьба з дыктатурай можа зацягнуцца – тыя ж Польшча ці Грэцыя не адзін год змагаліся. Перамагчы дыктатуру – гэта не хуткі працэс, як шмат хто думае.
Ганна Ганчар belsat.eu