Аляксандр Лукашэнка сваім указам выдаў беларускае грамадзянства яшчэ 409 асобам з 21 краіны, паведамляе БелТА.
Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 ліпеня. Перад гэтым у менскай ратушы прайшло выязное паседжанне Камісіі па пытаннях грамадзянства ды міграцыі.
Сярод 409 новых уладальнікаў беларускіх пашпартоў 46 чалавек – няпоўнагадовыя.
За апошнія два гады Лукашэнка сваім указам надаў грамадзянства Беларусі 4436 чалавекам, у тым ліку 3572 жыхарам Украіны. Гэта былыя грамадзяне Украіны з Данецкай ды Луганскай абласцей.
Таксама 10 ліпеня начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун пракаментаваў падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры новыя палажэнні Закону аб грамадзянстве. Паводле новаўвядзенняў, грамадзяне Беларусі, асуджаныя за «экстрэмісцкую» дзейнасць, могуць вярнуцца ў краіну і адбыць прызначаны тэрмін пакарання, каб не страціць грамадзянства.
Алена Рувіна belsat.eu