На вайне ва Украіне загінулі 47 тысяч расейскіх салдатаў

Журналісты выданняў «Медуза» і «Медиазона» разам з даследнікам залішняй смяротнасці Дзмітрыем Кобакам падлічылі страты расейскай арміі ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Пахаванне расейскага салдата, які загінуў ва Украіне. Фота: Радыё Свабода

Паводле даследавання, цягам 15 месяцаў – з 24 лютага 2022 года да канца траўня 2023 года – на вайне ва Украіне загінулі 47 тысяч расейскіх салдатаў. Дакладнасць ліку – 95 %, сцвярджаюць аўтары даследавання. Колькасць загінулых можа быць у межах паміж 40 і 55 тысячамі асобаў.

Гэта ў тры разы больш, чым савецкія страты ў вайне ў Афганістане цягам 10 гадоў (з 1979 да 1989 года) і ў дзевяць разоў больш, чым падчас чачэнскай кампаніі ў 1994–1996 гадах.

Афіцыйнай адкрытай статыстыкі наконт смяротнасці расейскіх вайскоўцаў на вайне ва Украіне няма. Каб высветліць лічбы, журналісты разам з даследнікам Дзмітрыем Кобакам выкарыстоўвалі дзве крыніцы: Рэестр спадчынных справаў, адкрытых грамадзянамі РФ на сваіх памерлых сваякоў, і дадзеныя Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі адносна смяротнасці за 2022 год.

Каб зразумець, якая доля забітых вайскоўцаў трапляе ў Рэестр спадчынных справаў, журналісты выкарыстоўвалі спіс загінулых, знойдзеных у сацсетках і на могілках. У даследаванне браўся панятак «залішняя смяротнасць», які раней выкарыстоўваўся, каб ацаніць наступствы пандэміі ковіду. Але ў цяперашнім даследаванні журналістаў цікавіла залішняя мужчынская смяротнасць.

З улікам цяжкапараненых вайскоўцаў, звольненых са службы, агульная колькасць пацярпелых можа сягаць 125 тысяч асобаў, а верагодна, значна больш. У разлік часткова ўваходзяць зніклыя без вестак, але не трапляюць расейцы ў палоне, а таксама грамадзяне Украіны, якія ваявалі і загінулі ў складзе сілаў самаабвешчаных ДНР і ЛНР.

Пра методыку падліку і пра тое, чаму аўтары даследавання ўпэўненыя ў дакладнасці лічбаў, можна прачытаць праз спасылку.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны