ISW: вагнэраўцы сыходзяць з Беларусі

Эксперты Інстытуту па вывучэнні вайны прыходзяць да высновы, што здзелка паміж кіраўніком ПВК Вагнэра Яўгенам Прыгожыным і Уладзімірам Пуціным адносна размяшчэння наймітаў-вагнэраўцаў у Беларусі, верагодна, праваленая. Байцы ПВК вяртаюцца ў Расею.

ПВК Вагнэра. Крыніца: overclockers.ru

Сілы ПВК Вагнэра пачалі першы этап выхаду з Беларусі – перакідваюць групы колькасцю ад 500 да 600 чалавек у Краснадарскі край, Варонежскую і Растоўскую вобласці Расеі. Такую інфармацыю Інстытуту па вывучэнні вайны 8 жніўня перадала інсайдарская крыніца.

Другі этап вываду вагнэраўцаў з Беларусі распачнецца пасля 13 жніўня.

Ёсць меркаванні, што гэта адбываецца, бо Аляксандр Лукашэнка адмовіўся фінансаваць ПВК Вагнэра, калі зразумеў, што Расея не будзе нічога плаціць за размяшчэнне вагнэраўцаў, як ён таго чакаў.

Паводле крыніцы Інстытуту, 6 жніўня стала вядома, што сілы Вагнэра, якія не былі перакінутыя ў Лівію, тэрмінова з’ехалі ў адпачынак у Расею, каб там чакаць новых загадаў.

Разам з тым аналітыкі кажуць, што не могуць пацвердзіць дакладнасць гэтай інфармацыі, нейкіх візуальных сведчанняў сыходу вагнэраўцаў няма, і будучыня ПВК пакуль застаецца няяснай. Вядома, што невялікая групоўка вагнэраўцаў застанецца ў Беларусі для навучання беларускіх вайскоўцаў.

ISW лічыць, што Пуцін паспрабуе захаваць ПВК Вагнэра як баявую адзінку, але аддзяліць яе ад Прыгожына. Адначасова, паводле крыніцаў ISW, міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу спрабуе адабраць у Прыгожына рычагі ўплыву ў Афрыцы, чым толькі раззлаваў кіраўніцтва і наймітаў.

Пра тое, што вагнэраўцы ў значнай колькасці вяртаюцца з Беларусі ў Расею сведчаць таксама паведамленні сваякоў наймітаў у тэлеграм-чаце на амаль 13 тысяч карыстальнікаў «ЧВК Вагнер. Чат родственников бывших заключённых и вольных». Жонкі вагнэраўцаў пішуць, што іхныя мужы вяртаюцца дамоў з-пад Асіповічаў.

Цэнтр нацыянальнага супраціву: наймітаў ПВК Вагнэра перакідваюць з Беларусі ў Нігер

Адначасова Украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву, арганізаваны Сіламі спецыяльных аперацыяў ЗСУ, сцвярджае, што Прыгожын выкарыстоўвае палявыя лагеры ў Беларусі для перарыхтавання сваіх наймітаў.

«Паводле інфармацыі ад падполля, чарговы борт з наймітамі ПВК Вагнэра днямі вылецеў з Беларусі ў Заходнюю Афрыку, у зону Нігеру. Працэс перарыхтавання вагнэраўцаў на базе лагераў у Беларусі трывае. Такім чынам, «Вагнэр» выступае экспарцёрам вайны з Украіны на ўвесь свет», – адзначаецца ў паведамленні цэнтру.

Пацверджання перакідвання вагнэраўцаў у Нігер з іншых крыніцаў пакуль не паступала.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны