Смерць у прамым эфіры. 20 гадоў таму свет патрос самы буйны тэракт у гісторыі

Людзі глядзяць у бок Мангэтану, дзе яшчэ некалькі дзён таму былі вежы Сусветнага гандлёвага цэнтру. 13 верасня 2001 году. Фота: Philadelphia Inquirer / Zuma Press / Forum

20 гадоў таму – 11 верасня 2001 году – увесь свет здрыгануўся ад тэрактаў, якія абваліліся на ЗША. Ўзгадваем падзеі таго дня.

Чатыры самалёты

У 08:46 паводле мясцовага часу ў паўночную вежу Сусветнага гандлёвага цэнтру (СГЦ) у Нью-Ёрку ўрэзаўся самалёт. Удар прыйшоўся паміж 94 і 98 паверхамі. Да месца здарэння выбылі пажарныя і выратавальнікі, пачалася эвакуацыя. Прыбылі і журналісты, якія запусцілі прамую трансляцыю. Пакуль яшчэ не было ясна, што адбываецца.

Пра тое, што адбыўся тэракт, стала зразумела праз 16 хвілін, калі ў наўпроставым эфіры яшчэ адзін самалёт урэзаўся ўжо ў паўднёвую вежу СГЦ. У абодвух будынках з-за сутыкненняў з самалётамі, чые бакі былі поўныя паліва, пачаліся пажары. Спрабуючы выратавацца ад агню, людзі часта проста выкідваліся з вокнаў, не маючы ніводнага шанцу на выратаванне. Менавіта падпаленыя вежы, пратараненыя самалётамі, сталі сімваламі таго дня.

Канструкцыі будынкаў не вытрымалі пажару. Паўднёвая вежа абрынулася ў 9:56, паўночная – у 10:28. Пад заваламі апынуліся не толькі супрацоўнікі і наведнікі СГЦ, але і пажарныя і супрацоўнікі паліцыі, якія прыбылі на месца здарэння.

Пры гэтым Нью-Ёрк стаў не адзіным месца атакі. У 09:37 трэці самалёт, захоплены тэрарыстамі, урэзаўся ў будынак Мінабароны ЗША – Пентагон у Вашынгтоне.

Яшчэ адзін «Боінг» упаў на поле ў штаце Пенсільванія ў 10:03 за 240 кіламетраў ад Вашынгтона. Расследаванне паказала, што пасажыры, даведаўшыся пра тое, што адбываецца, паспрабавалі спыніць тэрарыстаў, якія захапілі самалёт, і ў выніку барацьбы ён упаў на зямлю.

12 верасня 2001 году, пасля атакі на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку. Фота: f41 / Zuma Press / Forum

Амаль 3000 ахвяр

Тэракт 11 верасня стаўся найбуйнейшым у гісторыі паводле колькасці ахвяр. Акрамя 19 тэрарыстаў, у выніку нападаў загінулі 2977 чалавек, а яшчэ 24 зніклі без вестак. Большасць загінулых былі цывільнымі асобамі.

Загінулі 246 пасажыраў і членаў экіпажаў самалётаў, 2606 чалавек – у Нью-Ёрку, 125 – у будынку Пентагона. Сярод ахвяраў у Нью-Ёрку былі 341 пажарны, 60 паліцэйскіх і 10 медыкаў.

Загінулі грамадзяне ЗША і яшчэ 91 дзяржавы. Сярод іх была і 32-гадовая Ірына Бусло з Менску, якая працавала ў адным з банкаў у Сусветным гандлёвым цэнтры.

Выбух пасля таго, як захоплены ісламістамі самалёт тараніў вежу Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Фота flickr.com/people/themachinestops/

Добра адукаваныя тэрарысты

Як выявіла следства, раніцай 11 верасня чатыры групы тэрарыстаў – усяго 19 чалавек – захапілі чатыры пасажырскія авіялайнеры, якія выляталі ў Каліфорнію з аэрапортаў на Атлантычным узбярэжжы ЗША. У кожнай групе быў прынамсі адзін чалавек, што прайшоў пачатковую лётную падрыхтоўку.

Пятнаццаць тэрарыстаў былі грамадзянамі Саудаўскай Аравіі, двое – Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, адзін – Егіпта і яшчэ адзін – Лівана. Усе яны былі добра адукаваныя.

Самалёты былі захопленыя тэрарыстамі неўзабаве пасля вылету. На борце кожнага з іх было па 30-35 тыс. літраў авіяцыйнага паліва. Усе яны былі накіраваны на знакавыя будынкі на ўсходнім узбярэжжы ЗША. Мяркуюць, што мэтай самалёта, які ўпаў у Пенсільваніі, быў Капітолій.

Фенікс Талібану

Адказнасць за тэракты ўлады ЗША ўсклалі на тэрарыстычную арганізацыю «Аль-Каіда», якую ўзначальваў Усама бін Ладэн. Сам бін Ладэн яшчэ ў 1998 годзе абвясціў джыхад ЗША і стаяў за арганізацыяй іншых нападаў на Злучаныя Штаты. Ён спачатку абверг свой удзел у падзеях, але пасля пацвердзіў яго. У прыватнасці, ён заявіў, што «тэрарызм супраць Амерыкі заслугоўвае высокай ацэнкі, таму што гэта адказ на несправядлівасць, накіраваны на вымушэнне Амерыкі спыніць падтрымку Ізраілю, які забівае нашых людзей».

Хто такія талібы, якія захапілі Афганістан і нарабілі шораху ў свеце

Бін Ладэн грунтаваўся ў Афганістане. Паколькі талібы, якія ўзначальвалі гэтую краіну, адмовіліся выдаць яго ЗША, Вашынгтон узначаліў кааліцыю міжнародных сіл і пачаў вайсковую аперацыю ў Афганістане. Ужо 13 лістапада 2001 года талібы пакінулі Кабул, які знаходзіўся пад іх уладай з 1996 года.

Сам бін Ладэн быў забіты 2 мая 2011 года ў Пакістане ў выніку спецаперацыі ЗША. Праз два гады памёр і лідар Талібану мула Амар.

Расправіўшыся з арганізатарамі тэрактаў, ЗША пачалі вывад войскаў з Афганістан, які завяршыўся ў жніўні 2021 года. Не чакаючы сыходу заходніх войскаў, талібы зноў пачалі наступ і 15 жніўня – напярэдадні 20-й гадавіны атакі на ЗША – вярнулі кантроль над Кабулам, вярнуўшы краіну назад у 2001 год.

МГ belsate.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны