Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 10 верасня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падбіты расейскі вайсковы танк у звольненай Балаклеі, Харкаўская вобласць, Украіна. 10 верасня 2022 года. Фота: Juan Barreto / AFP / East News

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 199-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 52 250 чалавек забітымі.

Колькі долараў даюць за жыццё расейскага вайскоўца

10 верасня расейскі палітык Міхаіл Хадаркоўскі апублікаваў дакумент Міністэрства фінансаў РФ, у якім агучваецца памер выплаты родным загінулых у вайне супраць Украіны361,4 мільярда рублёў (амаль 59 мільёнаў долараў ЗША). Такім чынам Мінабароны ацэньвае жыццё аднаго вайскоўца ў 7,4 мільёна расейскіх рублёў (каля 120 тысячаў долараў). Таксама ў дакуменце адзначаецца, што на 24 жніўня ва Украіне загінулі 48759 вайскоўцаў. 

Генштаб ЗСУ паведамляе, што за мінулыя содні расейцы нанеслі 13 ракетных і 23 авіяцыйныя ўдары па тэрыторыі Украіны. У прыватнасці, пацярпелі ваколіцы населеных пунктаў Вялікія Прыходы, Аўдзееўка, Невельскае, Мар’інка, Вялікая Навасёлка, Няскучнае, Вольнае Поле, Палтаўка, Малыя Шчарбакі, Белагор’е, Цярновыя Поды, Благадатнае, Сухі Ставок, Кастромка, Безыменнае, Слаўгарад і Пісараўка.

Удары са ствольнай артылерыі расейцаў назіраліся на большай частцы кірункаў – ад Харкаўскай да Мікалаеўскай вобласці.

Знішчаная тэхніка

Наземныя аперацыі цягам апошніх содняў праціўнік праводзіў толькі на Данецкім участку фронту: удары расейцаў у ваколіцах населеных пунктаў Зайцава, Вясёлая Даліна, Салядар, Бахмут і Первамайскае былі адбітыя ЗСУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына едзе на ровары міма разбуранага будынку ў Балаклеі, Харкаўская вобласць, Украіна. 10 верасня 2022 года. Фота: Juan Barreto / AFP / East News

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя нанесла 33 удары, у выніку якіх былі знішчаныя склад боепрыпасаў і прынамсі 25 апорных пунктаў ці кропак дыслакацыі жывой сілы і тэхнікі праціўніка.

Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі два варожыя беспілотнікі і адну авіяцыйную ракету.

Ракетныя войскі і артылерыя Украіны ў сваю чаргу знішчылі 18 пунктаў упраўлення рознага ўзроўню, кропак дыслакацыі жывой сілы праціўніка, сродкаў супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы, артылерыйскіх падраздзяленняў, а таксама больш за 20 складоў з боепрыпасамі і ГЗМ.

Наступ ЗСУ на Харкаўшчыне

Пры гэтым Збройныя сілы Украіны працягваюць паспяхова наступаць у Харкаўскай вобласці. Генштаб ЗСУ заяўляе, што ворага ўдалося адкінуць на 50 кіламетраў, а прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўчора паведаміў пра вызваленне 30 населеных пунктаў Харкаўшчыны.

Ранкам 10 верасня ў розных крыніцах пачала з’яўляцца інфармацыя пра вызваленне Куп’янску. Пры гэтым прарасейскія рэсурсы сцвярджалі, што ЗСУ занялі толькі ⅔ гораду, а ўсходняя частка Куп’янску па-ранейшаму кантралюецца расейцамі.

Супярэчлівая інфармацыя даходзіла і пра яшчэ адзін буйны горад Харкаўскай вобласці – Ізюм. Тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджаў, што горад усё яшчэ пад кантролем расейцаў. У гэты ж час былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін заяўляе, што войскі РФ загадзя пакінулі Ізюм, баючыся аказацца ў атачэнні.

«Ваюем, як умеем». Улады «ДНР» паведамілі пра выхад расейскіх войскаў з Ізюму

У выніку ўвечары 10 верасня Міністэрства абароны Расеі заявіла пра «рашэнне перагрупаваць расейскія войскі, якія знаходзяцца ў раёнах Балакліі і Ізюму, для нарошчвання намаганняў на данецкім кірунку». Пры гэтым гаворыцца, што аперацыя вываду войскаў была праведзеная цягам трох содняў, хаця яшчэ ўчора гучалі паведамленні аб перакіданні на тэрыторыю Харкаўшчыны дадатковых сілаў.

Таксама паведамлялася, што цяпер ЗСУ наступалі на поўдні ад Ізюму – каля населеных пунктаў Сулігаўка і Бражкаўка Харкаўскай вобласці, а таксама далей на ўсход – каля гораду Ліман Данецкай вобласці. Увечары з’явілася інфармацыя, што расейцы адступілі таксама і ад Ліману.

Разам з тым ЗСУ працягваюць свой контрнаступ і ў Херсонскай вобласці. Гучаць паведамленні пра ўкраінскія атакі на населеных пункт Аляксандраўка, але дакладнай інфармацыі пра гэтыя баі няма. Пры гэтым Генштаб ЗСУ паведамляе, што на акупаваныя тэрыторыі Херсонскай вобласці прыбыло падраздзяленне так званых кадыраўцаў колькасцю да 1300 чалавек.

Украіна вызваляе ўсё больш тэрыторыяў, Расея не гатовая да наступу ЗСУ і не ўмее абараняцца

BK belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату