Ва Украіне налічылі на акупаваных тэрыторыях 420 тысячаў расейскіх вайскоўцаў

У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны заявілі, што на акупаваных тэрыторыях знаходзяцца 420 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Прычым у гэты пералік не ўлучаныя супрацоўнікі Расгвардыі ды іншых сілавых структураў, што забяспечваюць акупацыйны рэжым, перадае «Інтерфакс-Україна».

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат

Лічбу вайскоўцаў, якіх Расея засяродзіла на захопленых тэрыторыях, намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі назваў на форуме «Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі» («YES»).

«Расейская Федэрацыя сканцэнтравала на нашых часова акупаваных тэрыторыях і на Крымскім паўвостраве больш за 420 тысяч вайскоўцаў. Гэта калі не браць пад увагу Расгвардыю, іншыя структуры, спецпадраздзяленні, сілавыя структуры, што забяспечваюць акупацыйную ўладу на нашых тэрыторыях», – сказаў генерал.

Кіраўнік ГУР Украіны распавёў, колькі можа працягвацца вайна з Расеяй

Скібіцкі таксама адзначыў, што за больш чым паўтара гады вайны Крэмль не дасягнуў сваёй мэты – поўнай акупацыі Украіны.

«Цяпер найбольш актыўныя баявыя дзеянні Расейскай Федэрацыі трываюць фактычна на двух кірунках – Купянск–Ліман і Мар’інка–Данецк, каб выканаць хоць нейкую задачу і цалкам выйсці на адміністрацыйныя межы Луганскай і Данецкай абласцей», – заявіў прадстаўнік ГУР.

Поўнамаштабнае ўварванне Расеі пачалося 24 лютага летась. Масква называе вайну «спецаперацыяй» з мэтаю «дэнацыфікацыі» і «дэмілітарызацыі» Украіны. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін запэўніваў, што акупаваць украінскія тэрыторыі не плануецца, аднак Данецкую, Луганскую, Запарожскую і Херсонскую вобласці Масква цяпер лічыць сваімі тэрыторыямі.

ЗСУ, імаверна, вызвалілі Андрэеўку пад Бахмутам. Што вядома?

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны