Расейская «высокадакладная зброя» патрапіла ў жылыя дамы і гандлёвыя цэнтры
2022.10.10 16:34
Раніцай 10 кастрычніка цэнтр Кіева і шмат іншых гарадоў і абласцей Украіны падвергліся масаваму абстрэлу расейскімі ракетамі, якога не было з першых тыдняў вайны. Апошні раз «прылёты» па Кіеву былі некалькі месяцаў таму, а паветраная трывога ў сталіцы трывала рэкордныя 5 гадзін 37 хвілін. Гэтак Крэмль адрэагаваў на падрыў Крымскага моста 8 кастрычніка.
Адна з ракет у Кіеве ўпала ў раёне помніка Міхаілу Грушэўскаму на вуліцы Уладзімірскай, дзе размешчаны офіс СБУ. Таксама побач знаходзіцца офіс прэзідэнта Украіны. Некалькі ўдараў прыйшліся па аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры горада. Ёсць звесткі аб разбураных культурных аб’ектах, парках, пацярпеў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт. Таксама ў выніку абстрэлу Кіева пацярпелі будынкі філармоніі, музея Багдана і Барбары Ханенкі, а таксама музея Шаўчэнкі, заявіў міністр культуры Украіны Аляксандр Ткачэнка. Аб пападанні ў ваенныя абʼекты звестак пакуль няма.
Расейская ракета ўдарыла і побач з пешаходным «мостам Клічко» у Кіеве. Мост не пашкоджаны, але яго часова перакрыюць.
Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгальзаявіў, што станам на 11:00 пашкоджана 11 важных інфраструктурных абʼектаў у васьмі рэгіёнах і Кіеве. «Цяпер частка абласцей абясточаная. Трэба быць гатовым да часовых перабояў са святлом, водазабеспячэннем, сувяззю», – папярэдзіў ён.
Падчас абстрэлу ў горадзе спынілі рух метро, а станцыі працавалі як сховішчы для людзей. Каля 12:50 рух метро быў адноўлены.
Дакладная колькасць загінулых у Кіеве не паведамляцца. Па апошніх звестках ад ракетных удараў у Кіеве загінулі 5 чалавек, 51 пацярпелы. З іх 42 шпіталізаваны ў медыцынскія ўстановы гораду. Раней дарадца кіраўніка МУС Расціслаў Смірноў паведамляў, што ў Шаўчэнкаўскі раёне Кіева ў выніку ракетнага ўдару загінулі 8 чалавек, яшчэ 24 мірныя жыхары атрымалі раненні, шэсць аўтамабіляў абстраляныя і больш за 15 аўтамабіляў пацярпелі.
Украінскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што сёння ёсць верагоднасць яшчэ адной хвалі ракетных удараў. Нібыта расейская авіяцыя рыхтуецца да яшчэ аднаго налёту – падвешваюць ракеты, запраўляюцца.