Галоўнае за дзень: забітыя мігранты, прысуд Дзядку і абвінавачванне Гарбуновай

«Белсат» падводзіць вынікі 10 лістапада – 457-га дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Мігранцкі крызіс

Мігранты каля польскай мяжы, блізу пункту пропуску «Кузніца». 10 кастрычніка 2021 года. Фота: Terytorialsi / Twitter

З тэрыторыі Беларусі ў Польшчу трапілі дзве вялікія групы мігрантаў. У ваколіцах Крынак і Белавежы групы як мінімум з некалькіх дзясяткаў замежнікаў прарвалі агароджу, паведаміла 9 лістапада ўвечары Польскае радыё Беласток.

Паводле Радыё Беласток, Памежная Ахова паведамляе, што частку мігрантаў атрымалася вярнуць назад да лініі мяжы. Іншых яшчэ шукаюць. Прэс-сакратар падляскага аддзелу памежнай аховы Катажына Здановіч паведаміла, што ў абодвух выпадках агароджы былі гвалтоўна прабітыя.

Мігранты перайшлі беларуска-польскую мяжу каля Крынак і Белавежы

Памежны камітэт Беларусі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале распавядае, што ноччу 10 лістапада ў лагеры ўцекачоў на беларуска-польскай мяжы былі знойдзеныя чацвёра мужчын са слядамі фізічнага гвалту.

Збітыя мігранты, паводле беларускіх памежнікаў, – курды. Пацярпелыя нібыта распавялі, што іх затрымалі на тэрыторыі Польшчы. Мяркуючы па траўмах, польскія сілавікі з прымяненнем сілы выцеснілі мігрантаў за агароджу назад у Беларусь, робіць выснову Памежны камітэт.

Памежны камітэт Беларусі паведамляе пра чацвярых збітых уцекачоў

На польска-беларускай мяжы ёсць мусульманскія могілкі – мізары. І мясцовыя мусульмане, якія жывуць там прынамсі з часоў Яна III Сабескага, гатовыя пахаваць загінулых мігрантаў.

Загінулых мігрантаў прапанавалі пахаваць у Крушынянах, што блізу Кузніцы

Польскія ўлады разглядаюць варыянт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы.

Пра магчымасць закрыцця мяжы распавёў прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюллер парталу Wirtualna Polska:

«У далейшых сцэнарах такі варыянт улічваецца. Цяпер мы адназначна накіроўваем па дыпламатычным і афіцыйным каналам такую інфармацыю беларускім уладам, што такая пагроза існуе, калі беларускія ўлады не спыняць гібрыдную вайну на мяжы».

Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю

Прысуд Міколу Дзядку

Мікалай Дзядок. Фота: Новы Час

У Менскім гарадскім судзе 10 лістапада вынеслі прысуд 33-гадоваму палітзняволенаму блогеру і актывісту анархічнага руху Міколу Дзядку. Суддзя Анастасія Папко пакарала Дзядка 5 гадамі зняволення, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мікола Дзядок прызнаны вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: арт. 342 («Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»), арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні гаручых рэчываў»). Мікола не прызнаў віну, цалкам. Ужо год палітвязень утрымліваецца пад вартай.

Міколу Дзядка асудзілі да 5 гадоў калоніі

Крупенічы на волі

Палітзняволеных мужа і жонку Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча адпусцілі на волю, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Яны тэрмінова з’ехалі з Беларусі і цяпер у бяспецы.

Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. Фота: Sprind96.org

У пятніцу 5 лістапада сужэнцаў арыштавалі дзявяты раз на 15 содняў кожнага паводле арт. 19.11 КоАП РБ за перасылку адзін аднаму ў прыватных паведамленнях навінаў з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Такое рашэнне прыняла суддзя Ленінскага раёну Менску Анастасія Ачалава. Агулам у мужа і жонкі налічвалася 126 і 127 сутак арышту па дзевяці пастановах суда.

Нягледзячы на пастановы аб арышце, увечары 5 лістапада пасля суда Сяргея і Анастасію адпусцілі на волю з ІЧУ на Акрэсціна без тлумачэння прычынаў. Яны ў хуткім часе пакінулі Беларусь.

Гарбунову падазраюць у арганізацыі жаночых маршаў

Затрыманую напярэдадні актывістку Вольгу Гарбунову, якая займаецца праблемамі хатняга гвалту, падазраюць у арганізацыі леташніх жаночых маршаў, паведамляе МУС.

Ёй выставілі абвінавачванне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». На думку міністэрства, менавіта Вольга «кіравала так званымі жаночымі маршамі ў сталіцы. Пры гэтым сама выйшла на праезную частку, перакрывала дарожны трафік».

Актывістку Вольгу Гарбунову падазраюць у арганізацыі леташніх жаночых маршаў

Святлана Ціханоўская выступіць з лекцыяй на чытаннях экс-канцлера Нямеччыны Гельмута Шміта

Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Нямеччыну. 10 лістапада – сустрэчы ў Бундэстагу. Фота: Белсат

Вядзе ўрачыстасць журналіст выдання «Die Zeit» Матыяс Нас у берлінскім музеі камунікацыяў.

МГМ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны