Дэпутаты прынялі законапраект аб амністыі

Палата прадстаўнікоў 10 лістапада падтрымала законапраект аб амністыі ў першым і другім чытаннях, паведамляе прэс-служба палаты. Пад амністыю трапяць больш за 8 тысяч чалавек. У адпаведнасці з праектам закона на яе правядзенне спатрэбіцца паўгода.

СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Менск, Беларусь. Фота: Яндекс

Паводле папярэдніх дадзеных, пры рэалізацыі законапраекта плануецца вызваліць ад розных відаў пакаранняў 4545 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі – 1600 (з іх 10 – непаўналетніх), з папраўчых устаноў адкрытага тыпу – 500, з крымінальна-выканаўчых інспекцый – 2445. Акрамя таго, плануецца скараціць тэрмін пакарання на 1 год 3950 асуджаным, з іх 2500 асобам, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, 350 – у папраўчых установах адкрытага тыпу, 1100 – у крымінальна-выканаўчых інспекцыях.

«Адна з асаблівасцяў законапраекта – магчымасць другога шанцу выключна для непаўналетніх па артыкулах, звязаных з абаротам наркотыкаў. Прапануецца таксама скараціць на год тэрмін пакарання асобам, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы (абавязковыя ўмовы: поўнае пакрыццё ўрону, станоўчая характарыстыка ў перыяд адбывання пакарання, поўнае раскаянне)», – расказала дэпутатка Марына Лянчэўская, якая ўдзельнічала ў распрацоўцы законапраекта.

Не будуць падлягаць вызваленню асобы, якія ўчынілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, некаторыя злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Такім асобам прапануецца зменшыць тэрмін пакарання ў выглядзе абмежавання і пазбаўлення волі на 1 год.

Таксама пад амністыю не трапяць тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе і пасля, а таксама тыя, каго прызналі вінаватымі па злачынствах, звязаных з «экстрэмізмам і тэрарызмам». Яны могуць падаць прашэнне аб памілаванні, удакладніла Лянчэўская.

«На мой погляд гэта справядліва, але хачу адзначыць, што ў гэтых асоб ёсць права на паблажку. Кожная з іх асабіста можа звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб памілаванні», – заявіла Лянчэўская.

Абмеркаванне амністыі Лукашэнка пачаў 6 верасня на спецыяльнай нарадзе. Яе прымяркоўвалі да так званага Дня народнага адзінства 17 верасня. Тады ж генпракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што ў Беларусі пад амністыю патрапяць ад 8 тысяч чалавек. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў называў лічбу 8,5 тысячы чалавек.

Што азначае лукашэнкаўская амністыя?

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны