Паводле ацэнак ЗША, на вайне ва Украіне былі забітыя або параненыя больш чым 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў

На вайне ва Украіне загінулі або атрымалі раненні больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў, заявіў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША, генерал Марк Мілі. Пра гэта паведамляе CNN.

Марк Мілі. Крыніца: Flickr.com

Украінскі бок, падобна, панёс аналагічныя страты, паведаміў Марк Мілі на выступе ў Эканамічным клубе Нью-Ёрку. Ён назваў уварванне Расеі ва Украіну «велізарнай стратэгічнай памылкай», за якую краіна заплаціць «на гады, гады і гады».

Паводле Мілі, з пачатку вайны загінулі каля 40 тысяч мірных жыхароў Украіны, яшчэ ад 15 да 30 мільёнаў украінцаў сталі бежанцамі.

Мілі не ўдакладніў, на чым заснаваныя ягоныя ацэнкі і адкуль ён атрымаў гэтыя звесткі. Таксама адзначаецца, што заўвагі Мілі прапануюць самую высокую ацэнку ЗША наконт стратаў на сённяшні дзень у амаль дзевяцімесячным канфлікце.

Генерал таксама сказаў, што ЗША бачаць прыкметы таго, што Расея сапраўды выходзіць з Херсону, а вывад 20-30 тысяч вайскоўцаў з заходняга берагу Дняпра можа заняць дні або нават тыдні. «Я лічу, што яны робяць гэта, каб захаваць свае сілы, аднавіць абарончыя лініі на поўдзень ад ракі, але гэта яшчэ трэба пабачыць», – сказаў Мілі.

Ці магчымыя мірныя перамовы Расеі і Украіны?

Нагадаем, 9 лістапада вайсковае кіраўніцтва Расеі пастанавіла адступіць ад Херсону. «Прыступайце да адводу войскаў і прыміце ўсе меры, каб гарантаваць бяспеку і перакідванне асабовага складу, узбраенняў і тэхнікі за раку Дняпро», – загадаў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Пры адступленні расейцы пачалі масава ўзрываць масты. Ужо вядома пра больш як пяць падарваных інфраструктурных аб’ектаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны