У Беларусі мяняюць правілы выкарыстання сямейнага капіталу на аздараўленне

Міністэрства аховы здароўя Беларусі змяніла сваю пастанову ад 9 снежня 2019 года № 115 «Аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне медычнай дапамогі». Як паведамляе партал Pravo.by, адпаведная пастанова № 167 была прынятая 26 кастрычніка.

Беларускія рублі. Фота: Белсат

Дакумент уводзіць патрабаванне, каб у заключэнні лекарскай кансультацыйнай камісіі пры датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу ўказваліся віды платных медычных паслугаў, якія неабходна аказаць пацыенту.

Таксама арганізацыі аховы здароўя будуць абавязаныя вяртаць у «Беларусбанк» нявыкарыстаныя грошы, пералічаныя на атрыманне грамадзянінам платных медычных паслуг, у тэрмін:

  • не пазней за 60 каляндарных дзён з моманту іх паступлення на разліковы рахунак арганізацыі аховы здароўя, калі іх не выкарысталі цалкам на пратэзаванне зубоў, дэнтальную імплантацыю з наступным пратэзаваннем;
  • не пазней за 360 каляндарных дзён з моманту іх паступлення на разліковы рахунак арганізацыі аховы здароўя, калі іх не выкарысталі цалкам на артадантычную карэкцыю прыкусу.

Пастанова набывае моц праз 20 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Капітал расце, нараджальнасць – не

З 2015 году сямейны капітал прызначаюць пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга дзіцяці. Спачатку яго памер складаў 10 тысячаў долараў, але з 2020 года яго прызначаюць у рублях. На гэты момант яго памер складае 29 950 рублёў, або трохі больш за 9 тысяч долараў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны