Урад скарэктаваў бюджэт на 2022 год: дадалі грошай МУС, аднялі ў МЗС
2022.12.10 09:32
Савет міністраў Беларусі 8 снежня прыняў пастанову аб фінансаванні выдаткаў на 2022 год. Дакумент апублікавалі 10 снежня. Сілавікі атрымалі дадаткова больш як 12 млн рублёў, а ў дыпламатаў забралі 9 з лішнім мільёнаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы АМАП падчас акцыі пратэсту. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2020 года. Фота: Белсат
Бюджэт на бягучы год павялічылі на:
12,3 млн рублёў для Міністэрства ўнутраных справаў на аплату працы, харчавання, транспарту, камунальных паслугаў, адукацыю і іншае;
3,5 млн рублёў для Дэпартаменту выканання пакаранняў на аплату харчавання і камунальныя паслугі;
9,5 млн рублёў для Унутраных войскаў МУС на закупку маёмасці, арганізацыю харчавання, камунальныя паслугі, і адукацыю.
Бюджэт зменшылі на:
12,5 млн рублёў для МУС на вытворчасць дакументаў і пасведчанняў асобы (імі сілавікі карыстаюцца далёка не заўсёды, калі абавязаныя),
9,2 млн для Міністэрства замежных справаў на дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой;
3,5 млн на абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці.
Такім чынам, у сілавікоў забралі менш, чым дадалі. Міністэрству ўнутраных справаў ужо павялічвалі бюджэт у 2022 годзе – так, у траўні дадалі 13 млн на заробкі, абарону інфармацыі, закупкі маёмасці, транспарт і адукацыю.
Першапачаткова ў бюджэце на 2022 год на органы ўнутраных справаў планавалі выдаткаваць 1,153 млрд беларускіх рублёў, агулам на праваахоўную дзейнасць і судовую ўладу – 3,144 млрд.