Расейска-беларуская мяжа закрытая для транспартавальнікаў ЕАЭС. Казахстан абураны

З 8 студзеня праз беларуска-расейскую мяжу ў Смаленскай і Бранскай вобласцях могуць праязджаць толькі кіроўцы-міжнароднікі з Беларусі і Расеі. Пра гэта распавёў міністр гандлю Казахстану Арман Шакаліеў. Цяпер Казахстан вядзе перамовы, каб залагодзіць справу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі едуць заснежанаю дарогаю. Менская вобласць, Беларусь. 20 снежня 2021 года. Фота: Белсат

«Сёння ідуць перамовы з нашымі калегамі з расейскага, з беларускага бакоў наконт таго, што гэта абмяжоўвае свабоду перамяшчэння тавараў. Нагадаю, што 8 студзеня пачало дзеяць гэтае патрабаванне. Калі мы пытання не ўрэгулюем, то мы ў афіцыйным парадку будзем яго выносіць на разгляд камісіі [Еўразійскай эканамічнай камісіі. – Рэд.] як барʼер. Мая асабістая думка – гэта барʼер, што перашкаджае перамяшчэнню тавараў», – сказаў Арман Шакаліеў.

Паміж краінамі ЕАЭС адсутнічае мытная мяжа і Саюз дэкларуе свабоднае перамяшчэнне тавараў.

Памежнае ўпраўленне ФСБ для Бранскай вобласці пацвердзіла журналістам, што такая забарона для кіроўцаў з трэціх краінаў, у тым ліку з ЕАЭС, сапраўды зʼявілася.

Як Казахстан гандлюе электронікай вайны

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны