Міністэрства працы і сацыяльнай абароны назвала памер сямейнага капіталу на 2024 год. Ён складае 31 480 рублёў. Гэта на 5,1 % (або на 1530 рублёў) больш, чым у 2023 годзе. Аднак за 2023 год кошты таксама выраслі на 5,1 %, паведамляе Белстат.
Сямейны капітал прызначаецца шматдзетным сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступнага дзіцяці.
Да 1 студзеня 2024 года для шматдзетных семʼяў адкрылі 133 795 дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал». З іх 82,6 тысячы – на суму $ 826 млн. І 51,2 тысячы дэпазітных рахункаў на суму 1,28 млрд рублёў.
На 1 студзеня 2024 года на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу падалі 80 823 заявы.
«З іх на мэты паляпшэння жыллёвых умоваў – 65 853, на атрыманне медычных паслуг – 8691, на атрыманне адукацыі – 6274, на набыццё тавараў для інвалідаў – 5», – распавядае Мінпрацы.
Прынята 78 514 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу.
Арсен Рудэнка belsat.eu