Колькасць ахвяраў землятрусу ў Турцыі і Сірыі можа перавысіць 40 000 чалавек

Прадстаўнік ААН прагназуе павелічэнне колькасці ахвяраў землятрусу ў Турцыі і Сірыі да 40 тысячаў чалавек. Шмат завалаў яшчэ не разабраныя, і спадзеву на знаходжанне жывых растае з кожнай гадзінай усё менш. Аб гэтым паведамляе тэлеканал «Sky News». 

Кіраўнік гуманітарнай дапамогі ААН Марцін Грыфітс. Скрыншот з відэа / «Sky News» news.sky.com

Намеснік генеральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаннях Марцін Грыфітс зараз знаходзіцца ў пацярпелым ад землятрусу турэцкім горадзе Адана. У інтэрвʼю «Sky News» ён сказаў, што чакае пацверджання яшчэ дзясяткаў тысячаў смерцяў, і кажа, што «гэта жудасна».

«Вельмі складана даць дакладную ацэнку, паколькі яшчэ трэба будзе разабраць завалы, але я ўпэўнены, што колькасць загінулых павялічыцца ў два разы або больш», – сказаў Марцін Грыфітс.

На момант рамовы з журналістамі было пацверджана, што больш за 25 000 чалавек загінулі ў выніку землятрусу сілай 7,8 бала, які адбыўся ў панядзелак 6 лютага са шматлікімі афтэршокамі.

Грыфітс сказаў, што з кожнай гадзінай для тых, хто апынуўся ў пастцы пад абломкамі ў Турцыі і Сірыі, спадзевы на ўратаванне згасаюць, выратавальныя працы знаходзяцца на завяршальнай стадыі. Паводле міжнароднага досведу, 72 гадзіны пасля здарэння такога кшталту зʼяўляюцца рубяжом незвароту. Пасля гэтага тэрміну кожны выратаваны чалавек – гэта цуд.

«Пры гэтым такія цуды ўсё яшчэ здараюцца і складана прыняць рашэнне, калі спыніць гэты этап выратавання і перайсці да наступнага этапу, які таксама будзе мець свае праблемы», – сказаў кіраўнік гуманітарнай дапамогі ААН.

Паводле адзнакі Грыфітса, дапамогу Турцыі прапануе і аказвае вялізная колькасць краінаў. Тады як у Сірыі сітуацыя значна горшая, з-за ўплыву грамадзянскай вайны. Міжнародныя агенцыі гуманітарнай дапамогі не могуць патрапіць ў пацярпелыя раёны, якія кантралююцца апанентамі сірыйскага рэжыму.

Раней паведамлялася, што землятрусы магнітудай 7,7 і 7,6 адбыліся 6 лютага з інтэрвалам 9 гадзін і зруйнавалі мноства дамой у правінцыі Кахраманмараш на паўднёвым усходзе Турцыі. Землятрус з мноствам афтэршокаў адчувалі ў 10 правінцыях краіны і суседніх дзяржавах, з якіх больш за ўсё пацярпела Сірыя. Па апошніх звестках, толькі ў Турцыі лічба пацверджаных смерцяў амаль вырасла да 22 тысячаў чалавек, больш за 80 тыс. чалавек параненыя. Мноства людзей застаюцца без жылля і церпяць гуманітарнае бедства.

Апублікавана відэа гіганцкага разлому ў Турцыі пасля землятрусу

Тым часам, турэцкая агенцыя «IHA Haber» апублікавала відэа з дрона, які ляціць над вялізным разлом зямной паверхні ў вёсцы Тэпехан ля гораду Хатай. Глыбіня разлому 30 метраў, а шырыня перавышае 200 метраў. Ён утварыўся ад землятрусу 6 лютага. У Хатаі разбурана каля 3 тысяч будынкаў.

 

Паведамляецца таксама, што сейсмолагі тлумачаць зʼяўленне разлому зрухам на тры метры так званай Аравійскай літасферай пліты. Пры гэтым разлом можа ў любы момант альбо павялічыцца альбо зачыніцца.

Пагроза землятрусу: чаму ў Турцыі нікога не папярэдзілі

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны