Землятрус у Турцыі, склад камісіі «для вяртання» і пастанова аб стварэнні партыі «Белая Русь». Галоўныя навіны ў малюнках

На гэтым тыдні чалавецтва было ўзрушанае паведамленнямі пра землятрус у Турцыі і Сірыі, стала вядома, як зменяцца патрабаванні да прызыўнікоў у Беларусі, а таксама назвалі тых, хто ўвайшоў у склад «камісіі для вяртання». Тым часам грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» паведаміла, што плануе-ткі стаць партыяй. За гэтымі ды іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

Два наймацнейшыя землятрусы адбыліся на паўднёвым усходзе Турцыі і ў паўночнай частцы Сірыі. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган назваў тое, што адбылося з ягонай краінаю, катастрофай стагоддзя. На канец тыдня было вядома пра 23 тыс. загінулых, колькасць пацярпелых перавысіла 80 тыс. асобаў, наступствы землятрусу яшчэ не да канца зразумелыя.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў указ, які закранае пытанні вяртання ў краіны палітычных уцекачоў ад рэпрэсіяў. Такая пастанова таксама анансавалася раней. Згодна з указам, адмысловая камісія будзе разглядаць «звароты грамадзянаў Беларусі, якія ўчынілі правапарушэнні».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Вядомы стаў і склад гэтай камісіі. Старшыняваць, як паведамлялася, будзе генеральны пракурор Андрэй Швед. У складзе акрамя чыноўнікаў апынуліся адыёзныя прапагандысты дзяржаўных медыяў – Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, Яўген Пуставой, якія не стрымліваюцца ў выразах, калі кажуць пра апанентаў улады, асабліва тых, хто з’ехаў за мяжу.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

У Менску адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэту для стварэння палітычнай партыі «Белая Русь». Размовы пра перараджэнне грамадскай арганізацыі ў партыю ішлі доўгія гады, але ўвесь гэты час Аляксандр Лукашэнка казаў, што яшчэ не час, што яшчэ «не наспела». Выглядае, што ўжо нарэшце «наспела». Але, як паведамляецца, гэта будзе не рэарганізацыя праўладнага аб’яднання – у краіне будуць дзве структуры з аднолькавай назвай. Партыя мае з’явіцца да лета.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Нарэшце стаў вядомы змест супольнай пастановы Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя, які змяняе патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў (Мінабароны яго анансавала некалькімі тыднямі раней). Як вынікае з дакументу, цяпер у войска будуць забіраць і людзей з блізарукасцю, з артэрыяльнай гіпертэнзіяй I ці II ступені, з гемароем (без выпадзення вузлоў), бранхіяльнай астмай (адсутнасць прыступаў – больш за 5 гадоў), і з плоскаступнёвасцю (у залежнасці ад узроўню). Таксама на 10 кг, да 99 кг, павысілі дапушчальную вагу прызыўніка.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Дэ Лёс belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны