Кіраўнік культавай крамы Павел Белавус перажыў не адно высяленне сваіх праектаў. Ён мяркуе, што такі пільны інтарэс да крамы з боку ўладаў – заканамерная з’ява.
«Цягам 8 месяцаў у нас усё забіраюць, забіраюць, забіраюць і не тлумачаць, які лёс таго, што забралі, – распавёў Белавус. – Летам забралі майкі «Псіхо3%», потым частку сцягоў, потым проста тканіну, пасля пачалі не выпускаць з краіны ды ізаляваць пасылкі замежным адрасатам, яны так і засталіся на менскай рэгіянальнай мытні».
Апошняю кропляю стаўся візіт 30 студзеня, калі Symbal.by застаўся без абаротных сродкаў, дакументацыі ды камп’ютараў. Нібыта каб праверыць заяву, што ў краме вядзецца незаконная камерцыйная дзейнасць.
«Мы зразумелі, што выпускаць новую прадукцыю, якую таксама могуць забраць, і ўлазіць у яшчэ большыя пазыкі немэтазгодна», – патлумачыў уласнік крамы. Паводле яго, вынікаў праверак ім не кажуць, як невядомы і лёс рэчаў, якія забіраюць на гэтыя правяранні.
У краме была адмысловая вышымайка для Віктара Бабарыкі. Яе хацелі падарыць экс-кандыдату, калі той выйдзе на волю з турмы. Але на сёння засталася толькі вешалка з надпісам «Бабарыка»: «Мы больш і не выпускалі вышымаек, яна засталася апошняя, вялікая – XXXL. Хаця, як бачу цяпер здымкі спадара Віктара, думаю, можа, ужо была б і занадта вялікая».
У Symbal.by наведваліся не толькі прадстаўнікі АБЭЗ, але і пажарнікі: «Парушэнні, выяўленыя пажарнікамі, традыцыйна не вядуць да закрыцця, а маюць рэкамендацыйны характар, даецца тэрмін на іх выпраўленне. Нам ніякага тэрміну не далі. Хаця мы выправілі парушэнні, але яны прыйшлі і знайшлі новыя».
Павел адзначыў, што такі лёс напаткаў шмат якія крамы і рамеснікаў, што гандлююць нацыянальнаю сімволікай: «Мы зразумелі, што гэта ўсё будзе працягвацца, пакуль мы не закрыемся. Бо без гэтых сімвалаў мы сябе не ўяўлялі. Чым сябе неяк цэнзураваць, больш мэтазгодна прыпыніць дзейнасць».
Сайт крамы паведамляе: «Нам цяжка пра гэта пісаць, але з сакавіка офлайн- і онлайн-крама Symbal.by канчаткова спынілі сваю працу на нявызначаны тэрмін.
У нас засталіся шматлікія пазыкі, а таксама чакаюць штрафы і падаткі, якія, у сувязі з канфіскацыяй усёй прадукцыі і спыненнем дзейнасці, без вашай падтрымкі нам будзе цяжка закрыць».
Каб падтрымаць праект, ахвочыя могуць замовіць рэкламу ў сацыяльных сетках Symbal.by, перавесці грошы на рахунак ці набыць нейкі электронны тавар за 5 рублёў.
«На гэты момант мы выклалі 6 пазіцыяў. Тры з іх – гэта кнігі, рэальныя выданні. Тыражы гэтых выданняў мы распрадалі. А цяпер на сайт мы іх выклалі ў pdf-фармаце. Таксама некалькі варыянтаў дызайну, адлічбаваны слуцкі пояс, прынт азбукі беларускага арнаменту, гэта зыходныя матэрыялы для друку машыннай вышыўкі. Пакупніку прыходзіць спасылка на спампоўку гэтых файлаў».
Павел Белавус перакананы, што развіццё падзеяў з крамаю залежыць ад самых беларусаў: «Гэта вымушаная сітуацыя, бо мы не можам весці рэнтабельнай дзейнасці. Да 2014 года не было крамы кшталту Symbal.by, бо не было такой вострай патрэбы ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, да канфлікту Украіны і Расеі. Пазней дзяржава перастала чапаць такія ўстановы. І гэта было акно магчымасцяў, калі нашая дзейнасць не ўспрымалася як варожая. Цяпер мы нібыта зноў сталі небяспечныя для дзяржавы.
Але, аналізуючы падзеі апошніх 20 гадоў, увесь час былі нейкія прылівы і адлівы: то нічога нельга, то нібыта можна, пасля зноў нельга. Таму я думаю, што і гэтая сітуацыя часовая. Іншая справа, у якім фармаце мы захочам вярнуцца, бо хочацца вяртацца на прыступку вышэй – і ў асартыменце, і ў абслугоўванні, і ў фармаце крамы».
МГМ belsat.eu