За апошнія два тыдні Расея, імаверна, зазнала ва Украіне рэкордныя страты

Журналісты выданняў «Медиазона» і Бі-Бі-Сі, якія вядуць пайменны спіс загінулых на вайне з Украінай расейскіх салдатаў, паведамляюць пра рэкордны прырост стратаў за апошнія два тыдні.

Бі-Бі-Сі і «Медиазона» на дзень 10 сакавіка здолелі высветліць імёны 16 774 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах, то бок сабраныя даныя могуць лічыцца толькі мінімальнай ацэнкай узроўню стратаў.

«Рэальная колькасць загінулых можа быць вышэйшая ў некалькі разоў. Акрамя таго, невядомая колькасць зніклых без вестак і тых, хто трапіў у палон», – падкрэсліваюць аўтары даследавання.

Пасля папярэдняй зводкі, апублікаванай 24 лютага, у спіс дадалося больш за 1600 чалавек – гэта новы рэкорд за ўвесь час назіранняў «Медиазоны» і Бі-Бі-Сі, падкрэсліваюць журналісты.

Самы значны прырост загінулых – сярод наймітаў з ПВК Вагнэра. Пры гэтым «вольныя» найміты нясуць меншыя страты ў параўнанні са зняволенымі. Колькасць загінулых вязняў вырасла з папярэдняй зводкі практычна ў паўтара разу.

Ці сапраўды ва Украіне загінулі 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў? Аналізуем лічбы вайны

Галоўным кірункам для расейскіх войскаў па-ранейшаму застаецца Бахмут. Журналістам вядомы імёны 800 чалавек, якія загінулі тут.

Акрамя таго, пацверджана гібель больш як 1450 мабілізаваных.

Раней брытанскай выведка прыйшла да высновы, што ў лютым страты расейскай арміі рэзка выраслі – іх можна параўнаць толькі са стратамі ў самым пачатку ўварвання. Гэта, на думку брытанцаў, «выклікана цэлым шэрагам фактараў, у тым ліку недахопам падрыхтаванага асабовага складу, каардынацыі і рэсурсаў на фронце».

Зімовае наступленне Расеі правалена? Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны