Камандзір палка Каліноўскага паведаміў аб колькасці байцоў у вайсковым фармаванні

На сённяшні дзень у палку Каліноўскага налічваецца каля 5 тысяч байцоў. Аб гэтым заявіў Дзяніс Прохараў (пазыўны Кіт), камандзір найбольш вядомага вайсковага фармавання беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне супраць расейскіх захопнікаў.

Дзяніс «Кіт» Прохараў. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Полк Каліноўскага складаецца пераважна з беларусаў і налічвае крыху менш за 5 тысячаў байцоў. Акрамя таго, у падраздзяленні імя Касцюшкі, які ў складзе палка, ёсць добраахвотнікі з усяго свету – палякі, канадцы, французы», – адзначыў Дзяніс Прохараў у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню «Online.ua».

Дзяніс Прохараў кажа, што на сённяшні дзень байцы палка Каліноўскага – гэта прафесійныя вайскоўцы, якія ведаюць, як максімальна якасна выканаць сваю работу. Яны змаглі ператварыцца са звычайных цывільных у сапраўдных ваяроў.

Паводле Прохарава, ягоныя байцы вырашылі стаць на абарону Украіны пасля нападу Расейскай Федэрацыі, бо яны ведаюць, што ў беларусаў і ўкраінцаў агульны вораг. Яны ўсведамляюць, што расейская імперыя сама па сабе нікуды не дзенецца і РФ ніколі не спыніцца на паўдарозе.

«Ад таго, як хутка мы адужаем ворага, залежыць тое, як хутка беларусы змогуць вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну. У нас ёсць лозунг: «Мы вызваляем Беларусь праз вызваленне Украіны», – падкрэсліў у інтэрв’ю выданню камандзір палка Каліноўскага.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны